Мінск 16:30

Еўракамісію заклікалі абмежаваць падтрымку спартыўных арганізацый, якія ідуць на саступкі РФ і Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

20 кастрычніка, Позірк. Дзевяць еўрапейскіх дзяржаў звярнуліся ў Еўракамісію з заклікам абмежаваць падтрымку міжнародных спартыўных арганізацый, якія ідуць на саступкі Расіі і Беларусі, піша партал навін Delfi са спасылкай на Міністэрства адукацыі, навукі і спорту (МАНС) Літвы — адной з краін, датычных да гэтага працэсу.

Адзначаецца, што міністэрства таксама выказала падтрымку Федэрацыі сучаснага пяцібор’я Літвы, у якой забралі права правядзення этапу Кубка свету за адмову дапусціць спартсменаў з Беларусі і РФ да спаборніцтваў на сваёй тэрыторыі.

“Несправядліва і безадказна працягваць шукаць спосабы вярнуць прадстаўнікоў краін-агрэсараў на міжнародную арэну, а краіны, якія паслядоўна прытрымліваюцца каштоўнаснай пазіцыі і праяўляюць салідарнасць з Украінай, караць пазбаўленнем права праводзіць мерапрыемствы”, — канстатавала МАНС.

Пра тое, што Міжнародны саюз сучаснага пяцібор’я (UIPM) пазбавіў Літву права правесці налета ў Каўнасе этап Кубка свету па сучасным пяцібор’і праз нядопуск да спаборніцтваў беларускіх і расійскіх спартсменаў, стала вядома напярэдадні.

Паводле слоў прэзідэнта літоўскай федэрацыі Юсцінаса Кіндэрыса, рашэнне UIPM не стала для яго нечаканасцю: “Мы пастаянна атрымлівалі ад кіраўнікоў UIPM пытанні пра тое, што будзем рабіць з расіянамі і беларусамі. Мы заўсёды дастаткова адкрыта размаўлялі з міжнароднай федэрацыяй, аднак гэтым разам давялося прасіць, каб пра рашэнне выканаўчага камітэта нас праінфармавалі лістом. Сумна, бо хацелася б, каб нашу шматгадовую працу па арганізацыі чэмпіянатаў і заваяванні медалёў больш паважалі і разумелі”.

Літоўскі бок падкрэсліў, што згаданы ліст UIPM падпісаны прэзідэнтам арганізацыі Робам Стуліа. У ім заяўляецца, што міжнародны саюз павінен “забяспечыць выкананне рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта, зацверджаных сёлета, якія дазволяць спартсменам з Расіі і Беларусі спаборнічаць са сваімі нацыянальнымі сцягамі ды іншай атрыбутыкай, а таксама дадуць ім справядлівыя і роўныя магчымасці для атрымання пуцёвак на Алімпійскія гульні 2028 года”.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку падтрыманай Мінскам расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК апублікаваў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.

7 траўня 2026 года выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

МАК, як заяўлялася, “скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, роварным спорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Падзяліцца: