Мінск 12:52

Кітай гатовы імпартаваць больш беларускіх тавараў, наўзамен хоча “адкрытага і прадказальнага асяроддзя” для сваіх фірм у Беларусі

Архіўнае фота: "Позірк"

20 кастрычніка, Позірк. Кітай жадае імпартаваць “больш якаснай прадукцыі з Беларусі” і спадзяецца на тое, што Мінск забяспечыць кітайскім фірмам “адкрытае, празрыстае і прадказальнае дзелавое асяроддзе”, заявіў прэм’ер Дзяржаўнага савета КНР Лі Цян на сустрэчы з беларускім прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным на палях 25-га пасяджэння савета кіраўнікоў урадаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у Таджыкістане.

Паводле інфармацыі кітайскага дзяржаўнага інфармагенцтва “Сіньхуа”, кіраўнік урада КНР паведаміў, што Пекін гатовы паглыбляць узаемадзеянне з Беларуссю ў аўтамабілебудаванні, лічбавай эканоміцы, штучным інтэлекце і зялёнай эканоміцы.

Бакі, як лічыць кітайскі чыноўнік, маюць пашыраць абмены і супрацу ў такіх сферах, як культура, турызм, моладзевая палітыка, СМІ і міжрэгіянальныя сувязі, “каб кітайска-беларускае сяброўства яшчэ глыбей укаранілася ў сэрцах двух народаў”.

Лі Цян дадаў, што Кітай гатовы ўмацоўваць кантакты і каардынацыю з Беларуссю ў рэгіянальных і міжнародных справах, шчыльна супрацоўнічаць у рамках ШАС і БРІКС, прасоўваць “шматбаковасць і свабодны гандаль”, абараняць агульныя інтарэсы дзвюх краін, а таксама “адстойваць міжнародную законнасць і справядлівасць”.

Турчын у сваю чаргу заявіў, што Кітай “з’яўляецца сапраўдным сябрам і партнёрам Беларусі, які падае прыклад адказнай вялікай дзяржавы”.

Беларусь, паводле яго слоў, гатовая выкарыстаць 35-годдзе ўсталявання дыпламатычных стасункаў у 2027 годзе “для паглыблення ўзаемавыгаднай супрацы з Кітаем у гандлёва-эканамічнай, прамысловай, аўтамабільнай і іншых сферах, пошуку новых драйвераў росту супрацы ў галіне штучнага інтэлекту і лічбавай эканомікі, бесперапыннага пашырэння гуманітарных і міжрэгіянальных абменаў”, а таксама далейшага прасоўвання “ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства” паміж дзвюма краінамі.

Беларусь і Кітай у апошнія гады планамерна пашыраюць палітычную, эканамічную, а таксама вайсковую супрацу.

У чэрвені 2026 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Кітай і сустрэўся ў Пекіне са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Бакі дамовіліся працягваць умацоўваць “усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства”, а 2026–2027 гады абвясцілі гадамі прамысловай кааперацыі Беларусі і Кітая. Кітайскі кіраўнік таксама выступіў у абарону “дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці” Беларусі, а таксама выбару “шляху развіцця, які адпавядае яе ўласным нацыянальным умовам”.

Незадоўга да гэтага — 12 траўня — Лукашэнка падпісаў новую дырэктыву пра развіццё супрацы з Кітаем на наступныя пяць гадоў. Дакумент прадугледжвае далейшае развіццё “усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства” і змяшчае практычныя задачы па пашырэнні беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння.

У студзені 2026 года палітык заявіў чыноўнікам, што ранейшая дырэктыва пра развіццё стасункаў з Кітаем на 2021–2025 гады не была выкананая. Ён даручыў падрыхтаваць новы дакумент і паставіў задачу павялічыць долю Кітая ў беларускім экспарце.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Кітаем усталяваныя 20 студзеня 1992 года.

Падзяліцца: