Мінск 22:08

У Мінскім раёне на чыгуначныя шляхі ўпаў аўтакран, рух спынены

Ілюстрацыйнае фота: Johannes Plenio / unsplash.com

19 кастрычніка, Позірк. Аб падзенні аўтакрана на пуці ў Мінскім раёне паведаміла 19 кастрычніка Беларуская чыгунка.

Аўтакран перакуліўся пры правядзенні будаўніча-мантажных работ старонняй арганізацыяй на ўчастку Калодзішчы — Гарадзішча, гаворыцца ў паведамленні.

Пацярпелых няма.

У сувязі з тым, што адбылося, рух цягнікоў на гэтым участку часова спынены. Шэраг цягнікоў у напрамках Мінск — Орша і Орша — Мінск ідуць з затрымкай. Асобныя пасажырскія рэйсы рэгіянальных ліній эканомкласа адмененыя.

Для ліквідацыі наступстваў інцыдэнту і аднаўлення руху на ўчастак накіраваныя аднаўленчыя брыгады з неабходнай тэхнікай і абсталяваннем, адзначае БЧ.

Заяўляецца аб прыняцці “ўсіх магчымых мер” для хутчэйшага аднаўлення графіка руху цягнікоў.

Падзяліцца: