Мінск 17:31

Рамачнае пагадненне з Расіяй пра будаўніцтва трэцяга блока БелАЭС плануецца падпісаць да канца 2026 года

Архіўнае фота: прэс-служба Міністэрства энергетыкі

19 кастрычніка, Позірк. Рамачнае пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі пра будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС плануецца падпісаць да канца 2026 года, паведаміла 19 кастрычніка прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Беларускае ведамства адзначыла, што генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі “Расатам” Аляксей Ліхачоў пацвердзіў гатоўнасць расійскага боку пачаць рэалізацыю праекта. “Мы гатовыя прыступіць да працы літаральна заўтра”, — прыводзяцца яго словы.

Ліхачоў адзначыў, што перад пачаткам будаўніцтва бакам неабходна ўзгадніць эканамічную і фінансавую мадэлі праекта, а таксама вызначыць перспектыўныя аб’ёмы спажывання дадатковай электраэнергіі.

Згодна з данымі Мінэнерга, цяпер БелАЭС забяспечвае каля 40% вытворчасці электраэнергіі ў краіне. Ад моманту падключэння першага блока да энергасістэмы станцыя выпрацавала больш за 68 млрд кВт·г электрычнасці.

Міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз заявіў, што павелічэнне спажывання электраэнергіі прадпрыемствамі “дазваляе зніжаць тарыфы і падвышаць канкурэнтаздольнасць іх прадукцыі на знешніх рынках”.

Будаўніцтва Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

У лістападзе 2025 года стала вядома, што ўлады маюць намер пабудаваць трэці энергаблок БелАЭС — на 1.200 МВт, як і два дзейныя (уключыць у энергасістэму плануецца ў 2035–2038 гадах).

Пры гэтым яны не адмаўляюцца ад ідэі збудаваць другую атамную станцыю — ва ўсходняй частцы краіны. Падчас Расійскага энергетычнага тыдню ў сярэдзіне кастрычніка віцэ-прэм’ер, былы міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч заявіў, што калі адпаведнае рашэнне прымуць, то станцыя будзе будавацца ў 2045–2050 гадах.

Падзяліцца: