Мінск 20:56

Лукашэнка запатрабаваў, каб удзельнікі народнага апалчэння навучыліся “ўхіляцца ад кулі”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

16 кастрычніка, Позірк. “Некалькі парадаў” па падрыхтоўцы атрадаў народнага апалчэння даў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 16 кастрычніка Верхнядзвінскі раён (Віцебская вобласць, мяжуе з Латвіяй і Расіяй).

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, падчас рабочай паездкі ён назіраў за трэніроўкай атрада, створанага на базе паляўнічай гаспадаркі “Чырвоны бор”. У атрад уваходзяць работнікі гэтай гаспадаркі і аднайменнага турыстычнага комплексу.

“Галоўнае — гэта нават не стральба. Галоўнае — гэта фізічная падрыхтоўка. Вы павінны навучыцца ўхіляцца ад кулі”, — завіў палітык.

“Ствараючы гэтую структуру, я меў на ўвазе, што ў кожным сельсавеце павінен быць атрад народнага апалчэння. Гэта ядро. У выпадку ваенных дзеянняў гэта ядро можа пашырацца. База, на якой ствараецца народнае апалчэнне, — гэта сельскі савет. Узбраенне для вас нарыхтавана. Гэта справа вайскоўцаў. Аўтамат, гранаты, кулямёт вы будзеце мець. А тут яшчэ БПЛА. Гэта добра, што вы асвоілі беспілотнікі”, — сказаў ён.

“У вас адно падраздзяленне, добрае падраздзяленне. Але гэтага мала. І трэба нам пашырацца. Трэба дзесьці яшчэ ствараць такія базавыя атрады. Яны павінны быць звязаныя паміж сабой”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама нагадаў, што раней даручыў кіраўніку Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (былому кіраўніку МУС. — “Позірк”.) Ігару Шуневічу прыцягваць у народнае апалчэнне людзей, якія ўмеюць абыходзіцца са зброяй.

“Гэта ў самым нізе народнае апалчэнне. Далей тэрытарыяльная абарона — абарона інфраструктурных аб’ектаў. Народнае апалчэнне, тэрытарыяльная абарона і наверсе армія. Натуральна, уся гэтая структура пад камандаваннем прэзідэнта”, — заявіў ён.

У чэрвені 2022 года, праз 3,5 месяцы пасля пачатку расійскай вайсковай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, Лукашэнка заявіў, што з улікам “негатыўнага ўкраінскага досведу” прыняў рашэнне “на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэта — назваў я яго — народнае апалчэнне, гэтую групку людзей”. “Гэта будзе няшмат. Ну, можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы іх заклікаем для навучання — яны ўзялі свой аўтамат (гэта ў асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет; што, яны на танках будуць ездзіць? не), каб маглі абараніць свой дом”, — сказаў палітык.

У выпадку ваенных дзеянняў, заяўляў ён, атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны.

Падзяліцца: