Мінск 08:57

Лукашэнка заявіў пра “гатоўнасць да актыўнай працы” з прэзідэнтам Уганды, які кіруе краінай 40 гадоў

9 кастрычніка, Позірк. У Беларусі “высока цэняць адносіны дружбы, узаемаразумення і даверу, якія склаліся з Угандай на працягу дзесяцігоддзяў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 9 кастрычніка прэзідэнта гэтай афрыканскай краіны Ёверы Мусевені з Днём незалежнасці.

“Гэтае свята ўвасабляе суверэнітэт і ўмацаванне дзяржаўнасці, сімвалізуе яднанне шматнацыянальнага ўгандыйскага народа і яго рашучасць будаваць мірную і стабільную будучыню”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, развіццё “дыялогу і практычнага супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях цалкам адпавядае інтарэсам абедзвюх краін”.

Аўтар паслання прапанаваў адрасату “ажыццяўленне праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, механізацыі аграрнага сектара, аховы здароўя, адукацыі і іншых”.

“Рэалізацыі існуючага патэнцыялу будуць спрыяць дзейнасць сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, візіты ўрадавых і дзелавых дэлегацый. Пацвярджаю гатоўнасць да актыўнай працы разам з вамі на карысць нашых грамадзян”, — заявіў Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі 32 гады.

Мусевіні 82 гады, кіруе краінай з 1986 года. На выбарах у 2006, 2011, 2016, 2021 гадах афіцыйна атрымліваў ад 57 да 60% галасоў. Па выніках кампаніі 2026-га было абвешчана, што ён набраў 71,65%.

З 1971 па 1985 гады Угандай кіраваў генерал Ідзі Амін, які прыйшоў да ўлады і быў адхілены ад яе ў выніку ваенных пераваротаў. У 1976 годзе Амін абвясціў сябе пажыццёвым прэзідэнтам.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Угандай устаноўленыя 2 кастрычніка 1998 года. У 2021 годзе тавараабарот склаў 29,3 млн долараў (з якіх экспарт — 28,7 млн).

Падзяліцца: