Мінск 16:45

Сейм Латвіі забараніў дэпутатам гарадскіх і краявых дум наведваць Беларусь і РФ

Пункт пропуску Патэрніекі на латвійска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота: vni.lv

8 кастрычніка, Позірк. Латвійскія парламентарыі 8 кастрычніка ў тэрміновым парадку прынялі ў канчатковым чытанні папраўкі да закона “Аб абмежаванні дзеянняў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы”, што прадугледжваюць забарону для дэпутатаў гарадскіх і краявых дум наведваць Беларусь і Расію.

Дагэтуль падобная забарона распаўсюджвалася на некалькі катэгорый службовых асоб і работнікаў, а таксама на дэпутатаў Сейма.

Як піша партал навін Delfi, за змены “прагаласавалі ўсе дэпутаты, якія ўдзельнічалі ў галасаванні”. У той жа час большасць прадстаўнікоў прарасійскай партыі “Стабільнасць!”, адзначае СМІ, “палічылі за лепшае не ўдзельнічаць у галасаванні”.

Цяпер закон мае падпісаць прэзідэнт краіны.

Аўтары новага законапраекта ў тлумачальнай запісцы адзначалі, што прадстаўнікам самакіраванняў “даступная падрабязная інфармацыя пра крытычную інфраструктуру, планы грамадзянскай абароны, транспартныя і лагістычныя вузлы, а таксама пра іншыя рэсурсы, якія знаходзяцца ў распараджэнні самакіраванняў”.

На іх думку, неабходны адзіны падыход да ўсіх выбарных службовых асоб — ад парламентарыяў да дэпутатаў самакіраванняў.

Адметна, што былы старшыня, але па-ранейшаму адзін з палітычных лідараў партыі “Стабільнасць!” Аляксей Рослікаў цяпер знаходзіцца ў Беларусі. У 2025 годзе ў дачыненні да — на той момант — дэпутата Рыжскай думы была распачатая крымінальная справа паводле падазрэння ў распальванні нацыянальнай і этнічнай нянавісці, суд забараніў яму пакідаць краіну без адмысловага дазволу. Пасля ён атрымаў такі дазвол — на трохдзённую паездку ў Жэневу ў сакавіку. На радзіму ён так і не вярнуўся, у красавіку стала вядома, што ён знаходзіцца на беларускай тэрыторыі.

На парламенцкіх выбарах у Латвіі 3 кастрычніка 2026 года “Стабільнасць!” набрала толькі 1,997% галасоў і не трапіла ў Сейм 15-га склікання (у 2022-м яе вынік складаў 6,88%).

Мінск правярае рэакцыю Рыгі на правакацыі — намеснік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі

8 кастрычніка, Позірк. У адпаведнасці з дзейным рэгуляваннем памежнікі не могуць страляць "у бок Беларусі для спынення агрэсіўных мігрантаў або асоб, што іх суправаджаюць", заявіў 7 кастрычніка па выніках пасяджэння камісіі Сейма Латвіі па грамадзянстве, міграцыі і згуртаванасці грамадства намеснік …
Падзяліцца: