Мінск 11:00

Мінск правярае рэакцыю Рыгі на правакацыі — намеснік кіраўніка Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

8 кастрычніка, Позірк. У адпаведнасці з дзейным рэгуляваннем памежнікі не могуць страляць “у бок Беларусі для спынення агрэсіўных мігрантаў або асоб, што іх суправаджаюць”, заявіў 7 кастрычніка па выніках пасяджэння камісіі Сейма Латвіі па грамадзянстве, міграцыі і згуртаванасці грамадства намеснік начальніка Дзяржаўнай памежнай аховы гэтай балтыйскай краіны Іварс Рускуліс.

На пасяджэнні сярод іншага абмяркоўваліся апошнія інцыдэнты на латвійска-беларускай мяжы, пашкоджанне памежнай інфраструктуры. Кіраўніцтва МУС выказала намер падрыхтаваць папраўкі ў дзейнае заканадаўства, якія б удакладнілі падставы для выкарыстання памежнікамі зброі супраць узброеных парушальнікаў мяжы, агрэсіўных мігрантаў, дыверсантаў; больш дакладна вызначыць выпадкі, калі асобы, якія ахоўваюць мяжу, не нясуць крымінальнай адказнасці за выкарыстанне зброі пры выкананні службовых абавязкаў.

Паводле інфармацыі выдання Postimees, Рускуліс паведаміў, што дагэтуль не было ніводнага выпадку, каб памежнікі застрэлілі нелегальнага мігранта або іх перавозчыка (аднойчы зброя была выкарыстаная, каб спыніць транспарт перавозчыкаў — ужо ўнутры краіны).

“Існае рэгуляванне абавязвае нас ацэньваць суразмернасць у выпадку выкарыстання агнястрэльнай зброі і мінімізаваць нанесеную шкоду”, — сказаў ён, удакладніўшы, што страляніна магчымая толькі ў выпадку рэальнай пагрозы асобе, якая нясе службу.

Намеснік кіраўніка ведамства таксама канстатаваў, што цяпер памежнікі не могуць “зрабіць мэтанакіраваны стрэл у бок Беларусі” для спынення агрэсіўных мігрантаў або асоб, якія іх суправаджаюць, бо гэта можа быць успрынята як распальванне канфлікту з Мінскам.

У той жа час, перакананы ён, беларускі бок правярае рэакцыю Латвіі: “Ці паддадзімся мы на іх правакацыю”. “Яны дакладна гэтага чакаюць — стрэлім мы ці не ў бок Беларусі”, — адзначыў Рускуліс.

Пра “асабліва дэманстратыўную і агрэсіўную” правакацыю на мяжы з Беларуссю заявіў 6 кастрычніка міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава. Паводле яго слоў, узброеныя людзі ў масках “актыўна гналі” мігрантаў да мяжы, перайшлі яе, пашкодзілі камутатар і скралі відэакамеры.

11 жніўня Латвія пачала на мяжы спецаперацыю Vilkatis (“Ваўкалак”). Мэтай было названа “істотнае скарачэнне колькасці незаконных перасячэнняў мяжы і недапушчэнне іх у далейшым”. Спачатку аперацыю планавалася завяршыць 1 верасня, аднак тэрмін заканчэння быў перанесены на 1 кастрычніка. 6 кастрычніка ўрад Латвіі падоўжыў аперацыю да 31 снежня.

Праведзены “Позіркам” аналіз даных памежных ведамстваў еўрапейскіх дзяржаў паказаў, што ад пачатку года суседнія краіны ЕС спынілі 14,1 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Больш за ўсё спробаў зафіксавана на латвійскім участку мяжы — амаль 12 тыс. (спробы штурму ўчыняюцца бесперапынна з 25 сакавіка); на літоўскім — 1,7 тыс., польскім — каля паўтысячы.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Падзяліцца: