Мінск 16:29

Ціханоўская на канферэнцыі АБСЕ: Сёлета дэмсілы і іх партнёры дапамаглі прадухіліць выдачу ў Беларусь прынамсі 15 чалавек

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

6 кастрычніка, Позірк. Узмацніць праверку запытаў беларускага рэжыму на міжнародны вышук і экстрадыцыю заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас выступу 6 кастрычніка ў Варшаве на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні.

Палітык узяла ўдзел у дыскусіі “Транснацыянальныя рэпрэсіі ў рэгіёне АБСЕ”, прысвечанай пераследу журналістаў, грамадзянскіх актывістаў і іншых людзей, якія ў эміграцыі працягваюць сутыкацца з пагрозамі з боку ўладаў у Мінску.

Паводле слоў Ціханоўскай, якія прыводзіць яе прэс-служба, сёлета каманды дэмакратычных сіл і іх партнёры дапамаглі прадухіліць выдачу ў Беларусь прынамсі 15 чалавек.

Дэмлідар падкрэсліла, што ахвярамі пераследу становяцца не толькі вядомыя палітыкі: удзел студэнта, валанцёра або прадстаўніка дыяспары ў акцыі салідарнасці за мяжой можа стаць падставай для ціску на яго сям’ю ў Беларусі.

Ціханоўская адзначыла: для сотняў тысяч беларусаў вымушаны выезд з краіны “не стаў канцом рэпрэсій”. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, дадала яна, працягвае пераследаваць людзей праз пагрозы сваякам, завочныя прысуды, канфіскацыю маёмасці, ануляванне пашпартоў, кібератакі і “выкарыстанне міжнародных механізмаў вышуку”.

“Можна ўцячы з Беларусі — але КДБ усё яшчэ можа пераследаваць вашых бацькоў, канфіскаваць вашу кватэру і завочна прысудзіць вам 15 гадоў зняволення”, — канстатавала яна.

Асобную ўвагу Ціханоўская надала беларусам, якія не могуць бяспечна вярнуцца ў краіну “па новы пашпарт”. Яна заклікала дэмакратычныя дзяржавы выдаваць ім праязныя дакументы і пашпарты іншаземца, забяспечваць устойлівы легальны статус і пры неабходнасці прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты.

“Ніводзін журналіст, актывіст або былы палітвязень не павінен заставацца без прававога статусу толькі таму, што Лукашэнка адмаўляецца аднавіць яго пашпарт”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Палітык таксама нагадала пра людзей, якіх пасля вызвалення з турмаў прымусова вывезлі з Беларусі без дакументаў. Паводле яе слоў, вызваленне павінна суправаджацца аднаўленнем правоў і магчымасцю самастойна вырашаць, дзе жыць.

Ціханоўская заклікала АБСЕ і ўрады дэмакратычных краін абараняць журналістаў у выгнанні, дапамагаць незалежным рэдакцыям супрацьстаяць узломам, фішынгу і кампаніям дыскрэдытацыі.

“Калі мы абараняем беларускіх журналістаў у Варшаве ці Вільнюсе, мы таксама абараняем права людзей у Беларусі атрымліваць незалежную інфармацыю”, — адзначыла яна.

Сярод іншых агучаных прапаноў палітыка — “сістэмнае дакументаванне транснацыянальных рэпрэсій”, “абмен папярэджаннямі паміж дзяржавамі”, санкцыі і расследаванні супраць асоб, адказных за пераслед, а таксама вынясенне праблемы на ўзровень ААН.

Ціханоўская падзякавала Польшчы і Літве за дапамогу беларусам, а краінам-партнёрам — за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду. Паводле яе слоў, праз фонд прыцягнута больш за 3,3 млн еўра на рэабілітацыю, лячэнне, псіхалагічную дапамогу і аднаўленне жыцця ахвяр рэпрэсій.

Яна заклікала дамагацца спынення новых палітычных пераследаў, падкрэсліўшы, што падтрымка беларусаў і незалежнай грамадзянскай супольнасці — гэта “інвестыцыя ў еўрапейскую бяспеку”.

Мерапрыемства арганізавалі паўночныя і балтыйскія краіны — Данія, Эстонія, Фінляндыя, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія і Швецыя — сумесна з Офісам прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ.

Падзяліцца: