Мінск 13:52

На пажары ў Лідскім раёне загінула жанчына, яе сужыцель у рэанімацыі — абставіны высвятляе СК

Фота: прэс-служба СК

6 кастрычніка, Позірк. На пажары ў аграгарадку Мажэйкава (Лідскі раён Гродзенскай вобласці) увечары 5 кастрычніка загінула 57-гадовая жанчына, яе 61-гадовы сужыцель у рэанімацыі, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, пры ліквідацыі пажару работнікі МНС знайшлі ў адным з пакояў цела жанчыны, мужчына быў без прытомнасці.

Следчы разам са спецыялістамі абласнога ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз і МНС агледзеў месца здарэння. Для высвятлення дакладнай прычыны смерці жанчыны і абставін узгарання прызначаныя судовыя экспертызы.

Першасныя следчыя дзеянні паказалі, што ачаг узгарання ўзнік у пакоі, з якога быў выратаваны мужчына. Паводле слоў блізкіх, сужыцелі злоўжывалі алкаголем і сістэматычна курылі ў жылых памяшканнях.

На гэты момант разглядаецца некалькі версій узнікнення пажару, асноўная — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Напярэдадні СК паведаміў пра падобную сітуацыю, якая здарылася ўвечары 4 кастрычніка ў вёсцы Ляснякі (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). У гарэлым доме работнікі МНС знайшлі целы двух братоў (39 і 44 гады). У якасці асноўнай прычыны ўзнікнення пажару таксама разглядаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

10 верасня ў вёсцы Высокія Ляды (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) на пажары загінулі чатыры члены адной сям’і — гаспадар дома, яго жонка і два іх дарослыя сыны.

За некалькі дзён да гэтага, 6 верасня, у вёсцы Дулеўшчына (Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці) у агні загінулі два браты (57 і 59 гадоў).

Ад пачатку 2026 года ў выніку пажараў у Беларусі загінуў 401 чалавек, сведчыць абноўленая 6 кастрычніка інфармацыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праведзены “Позіркам” аналіз статыстычных даных ведамства паказаў, што смяротнасць ад агню ў гадавым вымярэнні вырасла на 3,9% (за аналагічны перыяд 2025 года — 386 ахвяр). Колькасць людзей, траўмаваных на пажарах, вырасла на 17,4% — з 454 да 533; выратаваных — з 664 да 814, або на 22,6%.

Ад пачатку гэтага года ў краіне здарылася 5.296 надзвычайных сітуацый (за той жа перыяд 2025-га — 5.014; +5,6%), з якіх НС тэхнагеннага характару — 5.275 (4.993; +5,7%), або 99,6% (без істотных змен).

Пры гэтым пераважная большасць здарэнняў прыпадае на пажары, іх зарэгістравана 5.270 (4.988; +5,7%). Гэта 99,91% тэхнагенных НС і 99,51% усіх зарэгістраваных сёлета надзвычайных сітуацый.

Падзяліцца: