Мінск 13:16

Лукашэнка зноў паставіў задачу “абнуліць беспілотнікі”

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

6 кастрычніка, Позірк. У вайсковай сферы адна з актуальных задач — “абнуліць беспілотнікі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 6 кастрычніка выпрабавальны палігон Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А. У. Рамана (уваходзіць у структуру Нацыянальнай акадэміі навук).

Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць яго прэс-служба, гаворка ідзе пра распрацоўку такіх сродкаў, “якія дазволяць гарантавана і эфектыўна” змагацца з беспілотнымі лятучымі апаратамі.

“Патрэбны вынік. Пры падрыхтоўцы да гэтай паездкі я падумаў пра тое, што [старшыня прэзідыума НАН] Уладзімір Сцяпанавіч [Каранік] упершыню не толькі мне, але і народу паведаміць пра свае поспехі ў гарантаванні бяспекі дзяржавы. Гэта не мае быць чарговай казкай, што мы заўтра нешта зробім”, — сказаў Лукашэнка.

У паведамленні адзначаецца, што “распрацоўка новых сродкаў барацьбы з беспілотнікамі і ўдасканаленне саміх беспілотнікаў — гэта важны, але не адзіны кірунак, па якім дзяржава чакае сур’ёзных вынікаў ад навуковай сферы”.

“Гэта істотныя дзяржаўныя ўкладанні. Ці даюць яны той вынік, які могуць даць, што патрэбны і вайскоўцам, і краіне?” — спытаў Лукашэнка.

Віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Павел Муравейка (да нядаўняе пары быў першым намеснікам міністра абароны — начальнікам Генштаба Узброеных сіл) заявілі, што задачы, якія ставяцца перад навукоўцамі, вырашаюцца.

Адзначаецца, што Лукашэнку паведамілі пра перспектыўныя распрацоўкі НАН “у інтарэсах умацавання тэхналагічнага суверэнітэту”, напрыклад, для грамадзянскага сектара. У гэтым кантэксце гаворка ішла пра вытворчасць прамысловай выбухоўкі, што запатрабаваная ў геолагаразведцы, пры распрацоўцы кар’ераў.

4 жніўня на нарадзе пра стварэнне Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій (АІТ) Лукашэнка заявіў, што ў ёй, магчыма, змогуць вынайсці “прынцыпова новы магутны сродак барацьбы з беспілотнікамі”, які “абнуліць значэнне і ролю БПЛА”.

Указ аб стварэнні АІТ ён падпісаў 10 верасня. Згодна з дакументам, з 1 верасня 2027 года акадэмія павінна пачаць падрыхтоўку спецыялістаў “у галіне прыродазнаўчых навук, прамысловых і лічбавых тэхналогій, іншых перспектыўных кірункаў”.

22 красавіка Лукашэнка адзначыў, што ніводная краіна “не можа змагацца на сто працэнтаў з беспілотнікамі”, аднак “нейкую сістэму трэба выпрацаваць”.

Наведваючы навучальна-спартыўную ўстанову ДТСААФ “Мінскі аэраклуб імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца”, ён пытаўся, як выяўляць і лепш збіваць беспілотнікі, акцэнтуючы ўвагу на ўменні БПЛА абыходзіць сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

“Нашы нейкі лазер вынайшлі. Вось я хачу паглядзець. Даволі эфектыўны, міністр абароны кажа, на паўтара-два кіламетры спальваюць беспілотнік”, — сказаў ён.

Сюжэт з гэтай заявай Лукашэнкі паказаў увечары 22 красавіка тэлеканал АНТ. Прэс-служба палітыка гэтых цытат не прыводзіла.

СМІ перыядычна паведамляюць пра выяўленне ў небе Беларусі і падзенне на тэрыторыі краіны баявых дронаў, якія выкарыстоўваюцца ў расійска-ўкраінскай вайне.

25 траўня паведамлялася, што ля вёскі Янава (Сенненскі раён Віцебскай вобласці) упаў БПЛА, пашкодзіўшы лінію электраперадачы. Афіцыйных каментарыяў не было.

24 сакавіка расійскі дрон упаў на гарод мясцовага жыхара ў вёсцы Лоеўскага раёна (Гомельская вобласць) ля мяжы з Украінай. Беспілотнік не выбухнуў, яго вывезлі спецыяльныя службы. У той жа дзень некалькі БПЛА заляталі ў Гомельскую вобласць падчас расійскага ўдару па Украіне.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: