Мінск 12:48

Польшча развівае войскі беспілотных сістэм — частку плануецца размясціць менш чым за 100 км ад мяжы з Беларуссю

Польскі горад Лукуў — месца будучага размяшчэння войскаў беспілотных сістэм
Ілюстрацыйнае фота: lepszapolska.pl

6 кастрычніка, Позірк. Стварэнне новых вайсковых частак у Люблінскім ваяводстве Польшчы, якое мяжуе з Брэсцкай вобласцю Беларусі, анансаваў 5 кастрычніка ў аэрапорце Любліна польскі міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба ведамства, на поўначы ваяводства будуць развівацца войскі беспілотных сістэм.

“На поўначы ваяводства — Лукуў (горад, што месціцца менш чым за 100 км ад беларускай мяжы, на захад ад Брэста. — “Позірк”.), — сказаў ён. — Рашэнне скіраванае на тое, каб у перспектыве сфармаваць нават брыгаду беспілотных сістэм. Беспілотныя сістэмы будуць развівацца — яны ўжо развіваюцца ў Войску Польскім, таму частка войскаў беспілотных сістэм будзе размешчаная ў Люблінскім ваяводстве, у Лукуве”.

Міністр дадаў, што гэтая частка ў Лукуве мае з’явіцца праз “два-тры гады”.

Да канца 2026 года, паводле яго слоў, з кіраўніцтвам аэрапорта Любліна, які фізічна месціцца ў суседнім горадзе Свіднік (каля 75 км да беларускай мяжы), будзе дасягнутая дамоўленасць пра размяшчэнне базы верталётаў Сухапутных войскаў.

Касіняк-Камыш таксама паведаміў, што ў Панятаве і Аполе-Любельску разглядаюцца новыя ўчасткі і інфраструктура для размяшчэння частак 18-й механізаванай дывізіі, у першую чаргу 18-й матарызаванай брыгады, якая цяпер фармуецца. У Білгораі будзе размешчаная частка падраздзяленняў гэтай брыгады; плануецца стварыць матарызаваны батальён і размясціць падраздзяленні СПА.

Дадатковыя вайсковыя інвестыцыі плануецца таксама накіраваць у раён Красніка, дзе базуюцца танкі “Абрамс”.

“Я таксама буду дамагацца таго, каб у бюджэце на наступны год <…> інвестыцыі ў двух ключавых ваяводствах — Люблінскім і Падкарпацкім — атрымалі абсалютны прыярытэт. Каб гэта былі вайсковыя інвестыцыі нумар адзін у Польшчы”, — заявіў міністр.

Кіраўнік Мінабароны Польшчы нагадаў, што ў Люблінскім ваяводстве ўжо размясцілі батарэі Patriot.

Планы па ўзмацненні вайсковай прысутнасці ў Люблінскім ваяводстве рэалізуюцца на фоне праграмы “Усходні шчыт”, якая прадугледжвае ўмацаванне ўсходняй мяжы Польшчы.

28 студзеня паведамлялася, што на рэалізацыю гэтай праграмы на 2026 год з дзяржаўнага бюджэту Польшчы плануецца выдаткаваць каля 500 млн злотых (каля 138 млн долараў ЗША).

Сёлета ў лютым Савет ЕС ухваліў польскі інвестыцыйны план на 43,73 млрд еўра ў рамках інструмента SAFE. Фінансаванне ахоплівае 140 праектаў, у тым ліку праекты “Усходняга шчыта”.

У 2025 годзе з бюджэту Мінабароны Польшчы на рэалізацыю “Усходняга шчыта” было выдзелена больш за 870 млн злотых (247 млн долараў). Гэтая сума не ўключае сродкі з фондаў ЕС.

У рамках праграмы летась на 60 км польскай мяжы правялі інжынерна-тэхнічныя мерапрыемствы. Да канца 2026 года інжынернымі мерапрыемствамі мяркуецца ахапіць каля 200 км мяжы. Яшчэ каля 270 км прыпадае на цяжкапраходныя ўчасткі, напрыклад, балоты і лясы. Такім чынам, польскія ўлады разлічваюць абараніць агулам каля 470 км мяжы.

У 2025 годзе таксама было завершана ўмацаванне памежных пераходаў.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў 2022 годзе поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Перыядычна на адрас краін НАТО з Расіі і Беларусі гучыць ваяўнічая рыторыка.

Падзяліцца: