Мінск 16:32

У Мінску судзяць ксяндза Парахневіча, працэс па справе аб “дзяржздрадзе” праходзіць у закрытым рэжыме — katolik.life

Фота: katolik.life

6 кастрычніка, Позірк. У Мінску праходзіць судовы працэс над 66-гадовым ксяндзом, настаяцелем парафіі ў Альковічах Вілейскага раёна (Мінская вобласць) Анатолем Парахневічам, паведамляе katolik.life.

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме.

Адзначаецца, што за кратамі святар правёў больш за 200 дзён. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ, абвінавачваюць у “здрадзе дзяржаве” (арт. 356 КК).

Пра затрыманне Парахневіча паведамлялася 16 сакавіка. Паводле звестак праваабаронцаў, у сярэдзіне сакавіка было затрымана яшчэ шэсць хрысціянскіх вернікаў, з іх двое — прэсвітары евангельскіх цэркваў: “Вядома, што двух затрыманых вызвалілі пасля допытаў, чацвёра дагэтуль застаюцца за кратамі”.

Таксама, паводле звестак “Вясны”, былі затрыманыя пяць украінскіх уцекачоў, якім “дапамагалі цэрквы”.

1 чэрвеня Парахневіч быў прызнаны палітвязнем.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі паміж уладамі ў Мінску і Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты паводле палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Падзяліцца: