Мінск 11:21

21-гадовага жыхара Гомеля будуць судзіць за махлярства — пацярпелых больш за тысячу, сума шкоды перавысіла 370 тыс. рублёў

2 кастрычніка, Позірк. Аб перадачы ў суд крымінальнай справы 21-гадовага жыхара Гомеля, які абвінавачваецца ў махлярстве, паведаміла 2 кастрычніка Генеральная пракуратура.

Паводле матэрыялаў справы, яшчэ будучы непаўналетнім, у 2021 годзе, абвінавачаны ўступіў у склад трох скам-груп, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі.

Паведамляецца, што зламыснікі выкарыстоўвалі некалькі схем. У адным выпадку пацярпелым, якія размяшчалі аб’явы аб продажы тавараў на гандлёвых пляцоўках, прапаноўвалі перайсці па фішынгавай спасылцы нібыта для атрымання аплаты. Пасля таго як чалавек ўводзіў рэквізіты банкаўскай карты на падробленым сайце, злачынцы атрымлівалі доступ да яго рахунку і выкрадалі грошы.

Па іншай схеме ўдзельнікі груп размяшчалі ў інтэрнэце аб’явы аб продажы неіснуючых тавараў і паслуг. Пасля звароту патэнцыйнага пакупніка яму прапаноўвалі ўнесці перадаплату на ўказаную банкаўскую карту. Атрымаўшы грошы, зламыснікі спынялі зносіны.

Заяўляецца, што абвінавачаны выконваў у злачынных групах некалькі функцый — “дропавода“, “убівера“ і “фінансіста“.

Тлумачыцца, што “дропаводы” рэгістравалі банкаўскія рахункі і абаненцкія нумары, у тым ліку на падстаўных асоб, а затым перадавалі даныя змоўшчыкам. “Убіверы” ажыццяўлялі несанкцыянаваныя пераводы з банкаўскіх рахункаў пацярпелых, пасля таго як тыя ўводзілі рэквізіты на фішынгавых сайтах. “Фінансісты” забяспечвалі злачынцаў сродкамі плацяжу для атрымання выкрадзеных грошай, абменьвалі іх на крыптавалюту і рамяркоўвалі паміж удзельнікамі групы.

Паводле звестак Генпракуратуры, ад супрацьпраўнай дзейнасці фігуранта пацярпела больш за тысячу чалавек. Агульная сума нанесенай шкоды перавысіла 370 тыс. рублёў.

Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя паводле ч. 2 і ч. 4 арт. 209 (махлярства) і ч. 4 арт. 212 (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэкса.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

Падзяліцца: