Мінск 09:27

Казахстан плануе паставіць у Беларусь тэхніку Hyundai на 30 млн долараў

Ілюстрацыйнае фота: амбасада Беларусі ў Казахстане

2 кастрычніка, Позірк. Шэраг пагадненняў аб пастаўках у Беларусь казахстанскай прадукцыі падпісаны ў Мінску на палях форуму “Інапрам. Беларусь”. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўрада Казахстана.

Адным з ключавых з’яўляецца пагадненне аб пастаўках камерцыйнай тэхнікі, вырабленай у Казахстане. Адзначаецца, што ТАА “Hyundai Trans Auto“ і беларуская кампанія ТАА “Эр сі Эм” запланавалі пастаўкі 790 адзінак тэхнікі ў 2027–2028 гадах на суму не менш за 30 млн долараў.

“Яшчэ адно пагадненне прадугледжвае пашырэнне паставак прадукцыі казахстанскіх вытворцаў на беларускі рынак. У рамках дзейнага механізму прасоўвання казахстанскай прадукцыі сфарміраваны пул пастаўшчыкоў, а прагназуемы аб’ём паставак складае да 20 грузавых аўтамабіляў у год“, — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым, як заяўлена, сукупны экспартны патэнцыял казахстанскіх аўтавытворцаў на рынку Беларусі складае да 4.500 адзінак тэхнікі ў год.

Паводле даных казахстанскага боку, па выніках 2025 года тавараабарот паміж краінамі вырас на 30% і перавысіў 1,2 млрд долараў. За студзень — ліпень 2026-га ўзаемны гандаль павялічыўся на 20,5% (па беларускай статыстыцы — на 16%) і склаў 723 млн долараў. Экспарт Казахстана дасягнуў 180,3 млн, імпарт з Беларусі склаў 542,7 млн. Пастаўкі казахстанскай прадукцыі аграпрамысловага комплексу ў Беларусь за гэты перыяд выраслі на 34,9% і дасягнулі 24,9 млн долараў.

Як паведамлялася, прэм’ер-міністр Казахстана Алжас Бекценаў 1–2 кастрычніка наведвае Мінск з афіцыйным візітам. Прыезд кіраўніка ўрада ў беларускую сталіцу сумешчаны з удзелам у працы Еўразійскага міжурадавага савета.

Бекценаў і прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у рамках міжурадавых перамоў абмеркавалі пашырэнне паставак і прамысловай кааперацыі. Турчын прапанаваў, у прыватнасці, больш актыўна развіваць узаемны гандаль прамысловымі таварамі.

Паведамлялася, што Казахстан разглядае магчымасць павелічэння экспарту ў Беларусь прадуктаў харчавання, транспартных сродкаў, металаў, прадукцыі хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, тэкстылю і машынабудавання. Рэалізавана 13 сумесных прамысловых праектаў на суму больш за 200 млн долараў. У Казахстане лакалізавана вытворчасць трактароў “Беларус“, камбайнаў “Гомсельмаш”, аўтамабіляў і іншай тэхнікі.

Плануецца павялічыць пастаўкі ў Беларусь сланечнікавага, сафлоравага і рапсавага алеяў, іншай бакалейнай прадукцыі.

Аб’ём чыгуначных перавозак паміж краінамі за сем месяцаў 2026 года вырас на 18,7%, да 4,8 млн тон. Бакі абмеркавалі развіццё існуючых і новых маршрутаў, экспарт казахстанскіх лічбавых рашэнняў, супрацоўніцтва ў сферах турызму і культуры.

Падзяліцца: