Мінск 00:56

Лукашэнка надаў беларускае грамадзянства амаль 300 замежнікам на фоне новых пагроз прапаганды пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія з’ехалі ад рэпрэсій

1 кастрычніка, Позірк. Пра наданне 1 кастрычніка грамадзянства Беларусі 297 замежнікам, у тым ліку 20 непаўналетнім, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, які ў гэты ж дзень падпісаў адпаведны ўказ.

Як адзначаецца, уладальнікамі беларускіх пашпартоў стануць ураджэнцы 28 краін, у тым ліку Азербайджана, Арменіі, В’етнама, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны.

Новыя грамадзяне Беларусі працуюць у сельскай гаспадарцы, сферы паслуг, гандлі, ахове здароўя і адукацыі.

У паведамленні адзначаецца, што Лукашэнка “адхіліў заявы аб прыёме ў грамадзянства шэрагу асоб, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні і крымінальныя злачынствы”.

У папярэдні раз пра падобную працэдуру паведамлялася 15 красавіка, калі ў грамадзянства было прынята 230 выхадцаў з 19 дзяржаў.

18 лістапада 2025 года Лукашэнка надаў беларускае грамадзянства 224 замежным грамадзянам і асобам. Тады гэта былі выхадцы з 17 дзяржаў.

12 ліпеня 2025 года быў падпісаны ўказ аб прыёме ў беларускае грамадзянства 245 чалавек, 27 сакавіка — 311 (у тым ліку 26 непаўналетніх), 26 жніўня 2024 года — 243, 11 чэрвеня 2024-га — 244.

Згодна з указам ад 21 ліпеня 2023 года № 222, асобы, якія набываюць грамадзянства, павінны клясціся быць патрыётамі Беларусі, “выконваць і паважаць” Канстытуцыю і законы агулам, “абараняць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць” Беларусі, “паважаць яе дзяржаўныя сімвалы, духоўныя, гістарычныя, культурныя і нацыянальныя традыцыі, захоўваць гістарычную памяць пра гераічнае мінулае беларускага народа”, “паважаць годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асобаў”.

У згаданым дакуменце таксама вызначаная “працэдура ўнясення” Лукашэнку “матэрыялаў аб страце грамадзянства” за ўдзел у “экстрэмісцкай дзейнасці” або “прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі асобамі, якія знаходзяцца за межамі краіны”.

Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінулі Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.

У апошні час дзяржаўная прапаганда зноў звярнулася да тэмы пазбаўлення грамадзянства беларусаў, якія пакінулі радзіму праз пагрозу рэпрэсій.

Гл. падрабязней:

Пропаганда угрожает эмигрантам лишением гражданства. Почему многие за это только спасибо скажут (на рускай мове)

Падзяліцца: