Мінск 21:01

Беларусь і Расія падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве па будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск

Мапа высакахуткаснай магістралі Масква — Мінск: урад РФ

1 кастрычніка, Позірк. Мемарандум аб супрацоўніцтве па будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі (ВХМ) Масква — Мінск падпісалі 1 кастрычніка ў Мінску міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч і міністр транспарту Расіі Андрэй Нікіцін.

Расійская чыгунка прыступае да папярэдняга тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекту, паведамляе прэс-служба ўрада РФ.

Магістраль будзе мець працягласць каля 700 км. Паводле папярэдніх ацэнак Мінтранса РФ, цягнік зможа пераадольваць адлегласць паміж сталіцамі прыкладна за тры гадзіны з невялікім замест цяперашніх васьмі.

Прагназуемы пасажырапаток ацэньваецца да 5,8 млн чалавек у год. Запуск высакахуткаснага цягніка дазволіць разгрузіць шляхі, найперш для грузапатоку.

Дакладныя тэрміны будаўніцтва і кошт ВХМ пакуль не вызначаныя. На першым этапе РЧ і беларуская чыгунка павінны выпрацаваць тэхналагічнае і праектнае ўзаемадзеянне, пасля чаго бакі змогуць вызначыцца з падрадчыкамі.

“Стварэнне ВХМ Масква — Мінск — значны крок да паляпшэння транспартнай даступнасці для грамадзян нашых краін і магутны стымул для росту дзелавой актыўнасці. Праект не толькі звяжа дзве сталіцы Саюзнай дзяржавы, але і створыць сучасны транспартны каркас для прылеглых рэгіёнаў, пасадзейнічае развіццю турызму, прамысловасці, бізнес-актыўнасці, а таксама стварэнню новых працоўных месцаў”, — заявіў Нікіцін.

Паводле інфармацыі расійскага ўрада, рыхтуецца дэкрэт Саюзнай дзяржавы, які вызначыць адзіныя правілы для будаўніцтва і эксплуатацыі ВХМ, асноўныя прынцыпы яе фінансавання і парадак падрыхтоўкі тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекта.

Актыўная фаза будаўніцтва павінна пачацца пасля запуску ВХМ Масква — Санкт-Пецярбург. Яе працягласць складзе 679 км, увод намечаны на 2028 год, чаканы пасажырапаток — не менш як 23 млн чалавек у год.

Праект абмяркоўваецца некалькі гадоў. У лютым 2024 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што ў перспектыўнай праграме развіцця расійскіх ВХМ разглядаецца кірунак Масква — Мінск. Паводле яго слоў, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту ідэю.

У снежні 2024 года Лукашэнка заявіў, што разлічвае на працяг будучай ВХМ ад Масквы праз Мінск да Брэста. Тады расейскія ўлады ўжо рэалізоўвалі праект першай у Расіі вылучанай ВХМ Масква — Санкт-Пецярбург.

Наступны этап падрыхтоўкі праекта прыпаў на снежань 2025 года. На пасяджэнні групы высокага ўзроўню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы было прынята рашэнне падрыхтаваць мемарандум паміж Мінтрансам Расіі і Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі аб супрацоўніцтве па будучай ВХМ Мінск — Масква.

У красавіку 2026 года кіраўнік РЧ Алег Белазёраў паведаміў, што кампанія плануе будаўніцтва чатырох новых напрамкаў ВХМ, у тым ліку міжнароднай магістралі Масква — Мінск. У спіс таксама ўвайшлі кірунак Масква — Казань — Екацярынбург, Масква — Варонеж — Растоў-на-Доне — Адлер і Масква — Разань.

У чэрвені 2026 года Пуцін заявіў, што будаўніцтва ВХМ Масква — Мінск уваходзіць у планы Расіі і Беларусі. Перад гэтым міністр транспарту Нікіцін паведаміў прэзідэнту РФ пра намер пачаць папярэднюю прапрацоўку міжнароднага праекта. Тады ж ён заявіў, што ў 2028-2029 гадах неабходна сфарміраваць фінансавую мадэль праекта і перайсці да далейшай рэалізацыі.

Паралельна Расія і Беларусь пашыраюць звычайныя чыгуначныя зносіны. У прыватнасці, расійскія ўлады прапанавалі пусціць электрацягнікі з Вялікіх Лук да Віцебска і Полацка. Пра гэта 1 кастрычніка паведаміў прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску.

Паводле слоў Мішусціна, напрамкі Вялікія Лукі — Віцебск і Вялікія Лукі — Полацк павінны пашырыць транспартныя сувязі паміж памежнымі рэгіёнамі і магчымасці для прамых паездак грамадзян Расіі і Беларусі.

Зараз паміж краінамі курсуюць два міжнародныя электрацягнікі: Смаленск — Орша і Смаленск — Віцебск. Іх запусцілі 2 красавіка 2026 года, да 30-годдзя Дамовы аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі.

Якім чынам будзе будавацца і эксплуатавацца ВХМ ва ўмовах расійска-ўкраінскай вайны, калі Украіна адказвае ўдарамі па тылах войска РФ, не паведамляецца.

Падзяліцца: