Мінск 09:05

Беларуская дыяспара пачала збор сродкаў Льву Міхееву, высланаму з Грузіі ў Арменію

Леў Міхееў
Фота: Раман Кісляк, адмыслова для "Позірку"

29 верасня, Позірк. Беларуская дыяспара пачала збор сродкаў* Льву Міхееву, раптоўна высланаму 25 верасня з Грузіі ў Арменію — як высветлілася, з-за канчатковай страты статусу шукальніка прытулку паводле судовага рашэння ад 29 чэрвеня 2026 года. Міхееў дамагаўся статусу пяць гадоў.

Пра збор “Позірку” паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі і таксама дамагаецца міжнароднай абароны.

“Льву даводзіцца нанова вырашаць пытанні бяспекі, прававога статусу і паўсядзённага жыцця”, — адзначыў Кісляк.

Паводле яго слоў, сродкі патрэбныя Міхееву на юрыдычную дапамогу, дакументы, жыллё і іншыя першачарговыя выдаткі ў Арменіі.

“Яшчэ ўчора Леў жыў у Грузіі, дзе з 2021 года дамагаўся міжнароднай абароны ў сувязі з палітычным пераследам у Беларусі. Ён прыйшоў у Дэпартамент міграцыі МУС падоўжыць пасведчанне асобы і быў затрыманы. Некалькі гадзін блізкія і праваабаронцы не ведалі, дзе ён. Звязацца з адвакатам Леў не мог. Пасля яго выдварылі з Грузіі, даставіўшы да мяжы з Арменіяй. Там Льва зноў затрымалі праз вышук, абвешчаны беларускімі ўладамі. Цяпер Леў на волі. Але апынуцца ў іншай краіне за адзін дзень без магчымасці падрыхтавацца — гэта вельмі складана”, — падкрэсліў Кісляк.

* Рэквізіты для пераводу: GE93TB7583645068100007
LEU MIKHEYEU
Банк: TBC

Раней па тэме:

Леў Міхееў: У Арменіі разумеюць палітычны характар пераследу, у Грузіі — бяспраўе і прыніжэнне

Затрыманага беларуса Льва Міхеева грузінскія ўлады выслалі ў Арменію, дзе ён таксама затрыманы

У Грузіі затрыманы беларус, які пяць гадоў чакае палітычнага прытулку

МУС Грузіі: Міхееў не меў падстаў для міжнароднай абароны, з 29 чэрвеня быў нелегалам

Беларуская дыяспара ў Грузіі прапануе мясцоваму МУС абмеркаваць набалелыя пытанні ў сувязі з высылкай Льва Міхеева

Падзяліцца: