Мінск 14:28

Міністр абароны КНР прапанаваў Хрэніну разам сфакусавацца на развіцці “сіл новай якасці”

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго кітайскі калега Дун Цзюнь
Фота: прэс-служба Мінабароны / калаж: "Позірк"

15 верасня, Позірк. “Раскрываць патэнцыял супрацы ў новых сферах і разам сфакусавацца на развіцці сіл новай якасці, каб дамагчыся далейшага прагрэсу”, прапанаваў міністру абароны Беларусі Віктару Хрэніну яго кітайскі калега Дун Цзюнь перад пачаткам 13-га Пекінскага Сяншаньскага форуму па пытаннях бяспекі.

“Формы ўзброенага супрацьстаяння змяніліся. У вайсковай сферы ўзрастае роля тэхналогій — гэта стварае і выклікі, і магчымасці”, — цытуе кітайскага чыноўніка прэс-служба беларускага Мінабароны.

На сустрэчы Хрэнін пазначыў шэраг ключавых кірункаў узаемадзеяння Беларусі і КНР у вайсковай сферы. “Мы актыўна пачалі ўзаемадзеянне ў галіне міратворчай дзейнасці. У гэтым плане хацеў бы выказаць падзяку за запрашэнне на курсы па лініі міратворчасці. Мы абавязкова возьмем у іх удзел, што дазволіць нашым афіцэрам атрымаць каштоўны досвед кітайскага боку па гэтым кірунку”, — сказаў ён.

Міністры абмеркавалі таксама ўзаемадзеянне ў галіне падрыхтоўкі вайсковых кадраў. Беларускі госць адзначыў, што “дасягнутыя ў чэрвені дамоўленасці на навучанне кітайскіх вайскоўцаў у Ваеннай акадэміі” сталі “праявай даверу і высокай ацэнкай сістэмы вайсковай адукацыі” Беларусі.

“Мы са свайго боку гатовыя пашыраць пералік спецыяльнасцяў пад канкрэтныя запыты нашых кітайскіх сяброў”, — адзначыў Хрэнін.

Паведамляецца, што суразмоўцы разгледзелі вынікі сумесных мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі і прааналізавалі “перспектыўныя кірункі супрацы”.

Для ўдзелу ў згаданым форуме Хрэнін накіраваўся ў Кітай 14 верасня. На палях мерапрыемства запланаваныя яго сустрэчы з калегамі з розных краін: “Плануецца абмеркаваць стан і перспектывы двухбаковай вайсковай супрацы, а таксама актуальныя пытанні рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня”.

Сёлета Пекінскі Сяншаньскі форум па пытаннях бяспекі праходзіць 15–17 верасня.

Папярэдні раз Хрэнін наведваў Кітай у чэрвені 2025 года. Тады ён удзельнічаў у нарадзе міністраў абароны дзяржаў — членаў ШАС.

Падзяліцца: