Мінск 18:28

Украіна ўвяла адмысловы рэжым у кіламетровай паласе ўздоўж мяжы з Беларуссю і РФ

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба ДПСУ

10 верасня, Позірк. Пра ўвядзенне адмысловага памежнага рэжыму ўздоўж мяжы з Беларуссю і РФ паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны (ДПСУ).

Ведамства патлумачыла, што 17 жніўня Кабінет міністраў прыняў пастанову № 1049, якой на перыяд дзеяння ваеннага становішча вызначыў “адмысловы памежны рэжым на зямельных участках шырынёй адзін кіламетр уздоўж дзяржаўнай мяжы з Беларуссю і Расіяй”.

Свабодны ўезд, знаходжанне, пражыванне і перамяшчэнне людзей у гэтай зоне забароненыя. Там таксама нельга праводзіць якія-небудзь працы, не звязаныя з “адбіццём узброенай агрэсіі супраць Украіны, абаронай або аховай дзяржаўнай мяжы”.

ДПСУ заявіла, што абмежаванні неабходныя для ўзмацнення абараназдольнасці Украіны, прадухілення пагроз бяспецы грамадзян і мінімізацыі рызык несанкцыянаванага знаходжання людзей у паласе ўздоўж мяжы.

Падкрэсліваецца, што абмежаванні маюць часовы характар і будуць дзейнічаць выключна ў перыяд ваеннага становішча.

25 чэрвеня 2026 года Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, спасылаючыся на ўказанне Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў пра гатоўнасць забяспечыць “пропуск жыхароў Украіны ў беларускія лясы ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці”.

У той жа дзень беларускі МЗС перадаў часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Мінску Івану Навіцкаму ноту з прапановай арганізаваць “сезонны пропуск прыгранічнага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі для збору дзікаросаў”.

Знешнепалітычнае ведамства сцвярджала, што гэта не палітычны жэст, а “рацыянальная, прадыктаваная жыццём прапанова ў інтарэсах простых людзей, якія пражываюць у прыграніччы”.

Рэагуючы на гэтую прапанову, спікер ДПСУ Андрэй Дземчанка заявіў, што Украіна не дасць на гэта згоды, бо “гэта небяспечная лінія і пропуск у краіну, якая падтрымлівае краіну-тэрарыстку (Расію. — “Позірк”.), немагчымы”.

Паводле слоў Дземчанкі, практыка пропуску ўкраінцаў праз мяжу для збору дзікарослых ягад і грыбоў існавала шмат гадоў, але “гэта было да поўнамаштабнага ўварвання Расіі, чые войскі ўваходзілі ва Украіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі”.

25 чэрвеня кіраўнік Чарнігаўскай вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус анансаваў у сваім тэлеграм-канале паступовую эвакуацыю жыхароў 12 прыгранічных населеных пунктаў у рэгіёне з 1 ліпеня і яе працяг у сямі вёсках, дзе яна абвяшчалася ўзімку.

Гаворка пра ўсходні ўчастак беларуска-ўкраінскай мяжы, які прылягае да Гомельскай вобласці.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных журналістаў-расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: