Мінск 16:29

Літоўскі фермер знайшоў на полі непадалёк ад мяжы з Беларуссю баявую гранату — небяспечная знаходка знішчаная

Фота: Памежная ахова Літвы

10 верасня, Позірк. Баявая граната часоў Другой сусветнай вайны была выяўленая ў Шальчынінкскім раёне Літвы непадалёк ад мяжы з Беларуссю, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) гэтай балтыйскай краіны.

Паводле інфармацыі ведамства, літоўскі фермер знайшоў выбухованебяспечны прадмет на полі, якое ён апрацоўваў, і паведаміў пра гэта дзяжурнаму памежнай заставы Пурвенай (Варэнскі памежны атрад).

“Месца знаходкі знаходзіцца ў 1.300 метрах ад дзяржаўнай мяжы з Беларуссю, — гаворыцца ў паведамленні. — Памежнікі <…> неадкладна пачалі ахоўваць месца выяўлення і прылеглую тэрыторыю. Пазней іх змянілі супрацоўнікі паліцыі Вільнюскага павета. Як звычайна ў падобных выпадках, быў уведзены ў дзеянне план “Шчыт”.

“Неўзабаве на месца прыбылі спецыялісты роты абясшкоджвання выбуховых прылад інжынернага батальёна імя Юозаса Віткуса Узброеных сіл Літвы. Яны высветлілі, што знаходка — савецкая ручная граната Ф-1 часоў Другой сусветнай вайны. Пасля агляду было прынятае рашэнне абясшкодзіць гранату на месцы”, — адзначыла САДМ.

Служба нагадала, што граната Ф-1 — супрацьпяхотны абарончы выбуховы боепрыпас. Створана на аснове французскай гранаты F1, утрымлівае 60 грамаў выбуховага рэчыва (агульная маса гранаты з запальнікам — каля 600 г).

“Нават праляжаўшы ў зямлі больш за 80 гадоў і пакрыўшыся іржою, такая граната ўсё яшчэ можа несці смяротную небяспеку”, — папярэдзіла САДМ.

Падзяліцца: