Мінск 14:04

Праблемы ў аздараўленчых лагерах выяўленыя амаль ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці

Ілюстрацыйнае фота: grodnotrans.by

27 жніўня, Позірк. У 16 з 17 раёнаў Гродзенскай вобласці адзначаныя недахопы ў дзейнасці аздараўленчых лагераў, вынікае з паведамлення Генеральнай пракуратуры, якая спасылаецца на абласную пракуратуру.

У прыватнасці, высветленыя факты “невыканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў пры арганізацыі харчавання дзяцей”, “парушэння ўмоў захоўвання прадуктаў”, “тэхналогіі прыгатавання ежы”, “неналежнага ўтрымання харчаблокаў”, “невыканання патрабаванняў бяспекі”. Адзначаныя недахопы пры “ажыццяўленні выхаваўчага працэсу”, а таксама “ў арганізацыі працы з кадрамі”.

Напрыклад, у адным з гродзенскіх аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей выяўленыя факты “незаключэння працоўных дагавораў з работнікамі лагера, несвоечасовага праходжання імі медыцынскіх аглядаў, неналежнага ўліку працоўнага часу”. Стан гульнявых і спартыўных збудаванняў “не адпавядаў патрабаванням бяспекі”. Зафіксаваныя выпадкі курэння па-за адмыслова абсталяванымі для гэтых мэт месцамі.

Пракуроры таксама выявілі прадукты харчавання ў асабістых рэчах работнікаў і ў кантэйнерах для ўтылізацыі адкідаў.

У абласным цэнтры выяўленыя факты заключэння працоўных дагавораў з навучэнцамі 14–16 гадоў без згоды іх законных прадстаўнікоў, залічэння ў лагер дзяцей, якія не прадставілі даведкі пра стан здароўя, неправядзення інструктажоў па ахове працы.

Выяўлена, што ў адным з забаўляльных цэнтраў Ваўкавыска гульнявое абсталяванне выкарыстоўвалася “без дакументаў аб пацвярджэнні адпаведнасці і пашпарта абсталявання”.

Адзначаецца, што дзіцячы гульнявы комплекс “эксплуатаваўся без неабходнай колькасці спружын на батутах, наяўныя спружыны былі пашкоджаныя”. Прыступкі і падвесныя элементы “не былі належным чынам замацаваныя”, таксама выяўленыя “часткі сцяжных хамутоў з вострымі краямі, што выступаюць, ды іншыя дэфекты”.

У забаўляльным цэнтры Гродна на атракцыёнах былі неабароненыя металічныя мацаванні, пашкоджаныя элементы канструкцый з вострымі краямі, ненадзейная фіксацыя падвесных частак і частак, што верцяцца, а таксама разбуранае падлогавае пакрыццё ў зоне перамяшчэння дзяцей.

У шэрагу раёнаў выяўленыя “недахопы ў дзейнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў частцы тэхнічнага і санітарнага стану дзіцячых гульнявых пляцовак”.

Пракуроры Гродна таксама выявілі свабодны доступ да дзевяці будынкаў і збудаванняў, якія нясуць небяспеку для дзяцей. Па ўсіх фактах парушэнняў прынятыя меры пракурорскага рэагавання.

Паводле вынікаў праведзеных улетку праверак органы пракуратуры вобласці ўнеслі 33 прадстаўленні і выдалі 30 прадпісанняў на адрас кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Вынікам разгляду актаў пракурорскага нагляду стала прыцягненне 27 асоб да дысцыплінарнай адказнасці.

Падзяліцца: