Мінск 13:43

З 2022 года стаўленне ўкраінцаў да жыхароў Беларусі пагоршылася — даследаванне

Ілюстрацыйнае фота: Yehor Milohrodskyi / unsplash.com

27 жніўня, Позірк. Значнае пагаршэнне стаўлення ўкраінцаў да жыхароў Беларусі зафіксавала украінская даследчая кампанія Rating Group па выніках праведзенага ў жніўні 2026 года апытання.

Даследаванне паказала, што 70% рэспандэнтаў негатыўна ставяцца да беларусаў (“халодна” — 26%, “вельмі халодна” — 44%; нейтральна — 21%; “цёпла” — 7%, “вельмі цёпла” — 1%; не змаглі адказаць — 1%).

Варта адзначыць, што ў жніўні 2022 года — па сканчэнні шасці месяцаў поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, якая пачалася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, — пра негатыўнае стаўленне да беларусаў заяўляла 52% апытаных (у красавіку 2022-га — 33%, 2021-га — 4%), нейтральнае — 34%, станоўчае — 10%.

Вынікі свежага апытання паказалі, што больш за ўсё рэспандэнтаў — 91% — негатыўна настроеныя ў дачыненні да жыхароў РФ (у жніўні 2022-га — 81%).

У сваю чаргу Беларусь, на думку апытаных украінцаў, застаецца адной з найбольш негатыўна настроеных да Украіны краін. 83% рэспандэнтаў лічыць стаўленне Беларусі да Украіны варожым. Вышэйшы гэты паказчык толькі ў Расіі — 97%.

Найбольш дружалюбнымі да Украіны апытаныя лічаць Францыю (81%), Вялікабрытанію (80%), Літву і Германію (па 77%), Малдову (68%). Дружалюбнымі таксама называюць Румынію (56%), ЗША (54%) і Польшчу (50%).

90% рэспандэнтаў заявіла пра негатыўнае стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі. Сярод “нялюбых” замежных палітыкаў у яго другое месца пасля Уладзіміра Пуціна, пра негатыўнае стаўленне да якога заявіла 97%.

Варта адзначыць, што ў апошнім даследаванні Rating Group не прыводзіць дынаміку змены стаўлення да Лукашэнкі або да Беларусі як дзяржавы. Для гэтых паказчыкаў прыведзеныя даныя толькі за жнівень 2026 года.

Цяперашняе апытанне праводзілася 4–9 жніўня 2026 года метадам тэлефонных інтэрв’ю з выкарыстаннем кампутара (CATI). У ім удзельнічала 2.000 паўналетніх грамадзян Украіны. Апытанне ахоплівала ўсе рэгіёны краіны, акрамя акупаваных тэрыторый, а таксама тэрыторый, дзе на момант правядзення даследавання адсутнічала ўкраінская мабільная сувязь.

24 жніўня Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што “нягледзячы на геапалітычныя ўзрушэнні, будучыя пакаленні беларусаў і ўкраінцаў захаваюць спрадвечныя сяброўскія і сваяцкія сувязі”.

Віншуючы народ Украіны з Днём Незалежнасці, ён адзначыў сваю ўпэўненасць, што “Мінск і Кіеў адновяць узаемавыгадную супрацу на прынцыпах даверу, павагі і раўнапраўя”.

“Гістарычныя лёсы беларускага і ўкраінскага народаў шчыльна пераплеценыя. Нашыя нацыі звязваюць адвечныя традыцыі, памяць пра агульныя перамогі і цяжкія выпрабаванні”, — гаварылася ў пасланні, апублікаваным прэс-службай Лукашэнкі.

Палітык сцвярджае, што “гасцінная Беларусь заўсёды адкрытая для кожнага ўкраінца, які прыходзіць з добрымі намерамі”.

Віншаванне было накіраванае на фоне расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, якая працягваецца з 24 лютага 2022 года і якую падтрымлівае афіцыйны Мінск.

Падзяліцца: