Мінск 13:43

Ціханоўская: Малдова паказала, што нават ва ўмовах бесперапыннага ціску нацыя здольная абараніць еўрапейскі выбар

Сустрэча Святланы Ціханоўскай і прэзідэнта Малдовы Маі Санду (кастрычнік 2023 года)
Архіўнае фота: прэс-служба Ціханоўскай

27 жніўня, Позірк. Смеласць малдаван “дае надзею беларусам”, адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы 27 жніўня прэзідэнта Малдовы Маю Санду і народ гэтай краіны з Днём Незалежнасці.

“Малдова паказала, што нават ва ўмовах бесперапыннага ціску нацыя здольная абараніць сваю дэмакратыю, суверэнітэт і еўрапейскі выбар”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы малдаўскі народ з нацыянальным святам, выказаў упэўненасць у тым, што “назапашаны за тры дзесяцігоддзі досвед узаемавыгаднага супрацоўніцтва”, нягледзячы на “напружаную міжнародную абстаноўку”, паслужыць “асновай для аднаўлення паўнавартаснага канструктыўнага дыялогу” паміж Беларуссю і Малдовай.

14 ліпеня паведамлялася, што Малдова далучылася да прынятага месяцам раней пакета санкцый Еўрасаюза, у якім фігуруе беларуская кампанія “Ізавак”.

26 траўня ў Мінску Лукашэнка прыняў былога прэзідэнта Малдовы, старшыню апазіцыйнай Партыі сацыялістаў Ігара Дадона. Беларускі палітык на сустрэчы з ім заклікаў аднавіць працу міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы.

Лукашэнка тады прапанаваў апазіцыянеру з Малдовы — краіны са статусам кандыдата на ўступленне ў ЕС — абмеркаваць тэматыку Еўразійскага эканамічнага саюза.

Паводле інфармацыі на сайце амбасады Беларусі ў Малдове, апошняе, 19-е пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы праведзенае ў Кішынёве 7 чэрвеня 2018 года, то бок падчас прэзідэнцкага тэрміну Дадона.

Паводле даных беларускага МЗС, у 2024 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Малдовай склаў 176,1 млн долараў. Экспарт беларускіх тавараў у Малдову склаў 98,3 млн, а імпарт малдаўскіх тавараў у Беларусь — 77,8 млн.

Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Малдову ў 2024 годзе сталі бульба, сыры і тварог, лекавыя сродкі, мяккія дахавыя матэрыялы, трактары, сродкі для валасоў, гарсэтныя вырабы, пліты, лісты, плёнка з пластмас, гатовая або кансерваваная рыба, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.

Аснову імпарту тавараў з Малдовы склалі вінаградныя натуральныя віны, моцныя спіртныя напоі, свежая садавіна і гародніна, кукуруза, вінаград, яблыкі, грушы і айва, прыборы і прылады для аўтаматычнага рэгулявання і кіравання, лекавыя сродкі, тара, сушаная садавіна.

Ціханоўская наведвала Малдову ў кастрычніку 2023 года на запрашэнне дзейнага прэзідэнта краіны Маі Санду.

5 верасня 2025 года даверчыя граматы Санду ўручыў амбасадар Беларусі Ігар Бубен.

Прыкладна праз месяц, 2 кастрычніка, Ціханоўская і Санду мелі размову на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене.

Падзяліцца: