Мінск 21:40

ДАІ спыніла ў Кобрынскім раёне квадрацыкл з 11-гадовым кіроўцам і 7-гадовым пасажырам

Відэа: УУС Брэсцкага аблвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

19 жніўня, Позірк. Пра два факты кіравання транспартнымі сродкамі непаўналетнімі бяспраўнікамі ў Кобрынскім раёне паведаміла УУС Брэсцкага аблвыканкама.

У вёсцы Магдалін супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі спынілі квадрацыкл “KXD”, за рулём якога знаходзіўся 11-гадовы хлопчык, які перавозіў 7-гадовага пасажыра. Адзначаецца, што дзеці перасоўваліся без моташлемаў і, “зразумела, без права кіравання”.

У вёсцы Хадынічы інспектары ДАІ спынілі матацыкл “Мінск”, якім кіраваў 15-гадовы мясцовы жыхар.

У абодвух выпадках за перадачу кіравання транспартам асобе, якая не мае на тое права, бацькі непаўналетніх прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 5 базавых велічынь (225 рублёў).

Абодва транспартныя сродкі канфіскаваныя і дастаўленыя на ахоўную стаянку.

15 жніўня ДАІ Гомельскага аблвыканкама паведаміла аб ДТЗ з удзелам 13-гадовай дзяўчынкі, якая кіравала матацыклам Motoland. Акрамя непаўналетняй траўмы атрымаў яе 18-гадовы пасажыр.

У ходзе прафілактычнай акцыі “Матацыкліст”, якая праходзіла з 6 па 16 жніўня, выяўлена больш за 3,5 тыс. парушэнняў, учыненых кіроўцамі матацыклаў. У стане алкагольнага ап’янення затрыманыя 34 байкеры, за адсутнасць правоў адхілена ад кіравання 211 чалавек, 277 матацыклаў змешчана на ахоўныя стаянкі.

Падзяліцца: