Мінск 11:25

15 пацярпелых у ДТЗ у Грузіі беларусаў знаходзяцца ў мясцовых бальніцах, гібель чатырох чалавек пацверджаная

Фота: ge.news-pravda.com

13 жніўня, Позірк. 15 беларускіх грамадзян, якія пацярпелі ўвечары 12 жніўня ў ДТЗ у Грузіі, знаходзяцца ў мясцовых бальніцах, паведамляюць дзяржСМІ са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У мікрааўтобусе “Мэрсэдэс-Спрынтар” знаходзілася 19 грамадзян Беларусі, чацвёра з іх загінула.

Паводле прадстаўленай МУС Грузіі інфармацыі, кіроўца мікрааўтобуса не забяспечыў бяспечнае кіраванне транспартным сродкам, з’ехаў з дарогі і зваліўся ў цясніну, паведаміў МЗС.

Чатыры чалавекі дастаўлена ў бальніцы гарадоў Азургеці і Чахатуры, 11 — у Рэспубліканскую бальніцу Батумі. Двое знаходзяцца ў рэанімацыі.

У Батумі шпіталізавана ў тым ліку 6 дзяцей, паведаміла спецыяліст па рэабілітацыі Рэспубліканскай бальніцы Ана Качадзэ. Паводле яе слоў, якія прыводзіць грузінскае інфармагенцтва Iinterpressnews, два пацыенты знаходзяцца “ў адносна цяжкім стане”.

Як паведамлялася раней, чатыры чалавекі загінула ў ДТЗ на горным курорце Гомісмта (рэгіён Гурыя). Мікрааўтобус ехаў уніз, калі ў яго ўзніклі праблемы з тармазамі.

За рулём быў грамадзянін Грузіі, пагрозы яго жыццю няма.

МУС краіны распачала паводле арт. 276 КК (парушэнне правілаў бяспекі руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула смерць чалавека).

За апошні час гэта сама меней другое ДТЗ у Грузіі з гібеллю беларускіх грамадзян. У ліпені аварыя здарылася ў Батумі — сутыкнуліся мікрааўтобус з турыстычнай групай і легкавы аўтамабіль. Загінула два беларускія турысты — жанчына 1983 года нараджэння і мужчына 1963 года нараджэння.

Падзяліцца: