Мінск 14:28

З Беларусі ў Манголію экстрадаваны мужчына, які расшукваўся Інтэрполам за незаконнае правядзенне азартных гульняў

12 жніўня, Позірк. Аб экстрадыцыі з Беларусі ў Манголію 41-гадовага грамадзяніна гэтай краіны, які расшукваўся па лініі Інтэрпола, паведаміла МУС.

Паводле інфармацыі начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі Аляксея Вершаля, мужчына быў абвешчаны ў міжнародны вышук “паводле абвінавачання ў незаконнай арганізацыі правядзення ў сетцы інтэрнэт азартных гульняў, а таксама легалізацыі грашовых сродкаў, атрыманых у выніку сваёй супрацьпраўнай дзейнасці”.

Месцазнаходжанне ўцекача, які “схаваўся ад правасуддзя”, як адзначыў Вершаль, “устаноўленае ў горадзе Мінску, дзе ён і быў затрыманы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку”.

Па выніках экстрадыцыйнай праверкі Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне выдаць асобу, якая расшукваецца, у Манголію для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Мангольскія ўлады ў 2025 годзе цалкам забаранілі азартныя гульні анлайн і ў іншых формах.

Падзяліцца: