Мінск 14:29

Еўрапейскія палітыкі і арганізацыі працягваюць выказваць спачуванні з нагоды смерці Аляксандра Мілінкевіча

Аляксандр Мілінкевіч
Фота: "Радыё Свабода"

12 жніўня, Позірк. “Нязломным лідарам беларускіх дэмакратычных сіл” назваў памерлага 11 жніўня палітыка і грамадскага дзеяча Аляксандра Мілінкевіча прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Мацей Вевюра.

Асобна Вевюра адзначыў, што з 2020 года Мілінкевіч знаходзіўся ў эміграцыі ў Польшчы, дзе стаз адным са стваральнікаў Вольнага беларускага ўніверсітэта.

Прадстаўнік польскага МЗС выказаў спачуванні сям’і “выдатнага палітыка“ і “вялікага сябра” Польшчы, а таксама беларускаму народу.

Маршал (спікер) Сената Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска ў спачуванні сям’і падкрэсліла, што Мілінкевіч быў чалавекам, які прысвяціў усё сваё жыццё дэмакратыі ў Беларусі, пабудове лепшай Еўропы і дружалюбным польска-беларускім стасункам.

“Сябар, дзякуй табе за тваё сведчанне павагі да дэмакратыі і агульнай гісторыі Польшчы і Беларусі“, — напісаў старшыня камітэта па замежных справах Сейма Польшчы прафесар Павел Коваль.

“З вялікім смуткам” даведаўся пра смерць Мілінкевіча літоўскі палітык і дыпламат, дэпутат Еўрапейскага парламента, у мінулым намеснік міністра замежных спраў Літвы і сталы прадстаўнік Літвы пры ЕС Арнольдас Пранцкявічус. Ён адзначыў, што шмат разоў сустракаўся з Мілінкевічам, які заўсёды рабіў на яго “ўражанне сапраўднага палітычнага джэнтльмена — мудрага і тактоўнага чалавека, які валодаў сапраўднай дэмакратычнай культурай“.

Пранцкявічус падкрэсліў, што ў Беларусі “становішча з правамі чалавека застаецца жахлівым, рэпрэсіі працягваюцца“, а Аляксандр Лукашэнка “застаецца верным памагатым і памочнікам Пуціна ў яго жорсткай агрэсіўнай вайне супраць Украіны“.

“Нам вельмі не хапае такіх людзей, як Аляксандр Мілінкевіч. Але памяць пра іх дае нам надзею, што аднойчы дэмакратыя вернецца ў Беларусь, а Літва стане першай краінай, якая будзе радавацца гэтаму і з распасцёртымі абдымкамі сустрэне нашых суседзяў. Давайце не будзем адмаўляцца ад гэтай надзеі. Жыве Беларусь!” — напісаў літоўскі палітык.

Мілінкевіч быў “адной з уплывовых фігур дэмакратычнага руху ў Беларусі”, гаворыцца ў некралогу Нямецка-беларускага таварыства (Берлін). “Будучы навукоўцам і ўніверсітэцкім прафесарам, ён выступаў за суверэнную, дэмакратычную Беларусь, якая знойдзе сваё месца ў Еўропе“, — падкрэсліваюць аўтары. Мілінкевіч, паводле іх слоў, выступаў за прагматычную і арыентаваную на дыялог форму палітычнага лідэрства.

Дзейнасць Мілінкевіча выходзіла далёка за рамкі палітыкі, адзначае польскі фонд “Свабода і дэмакратыя“. “Як навуковец, педагог і грамадскі дзеяч ён спалучаў веды, адказнасць за агульнае дабро і глыбокую прыхільнасць каштоўнасцям. <…> Мы будзем памятаць яго як чалавека высокай культуры, дабрыні і ўнутранай сілы. У эпоху, калі палітыка часта падзяляе і абвастрае спрэчкі, ён умеў захоўваць павагу да іншых, спакой і простую чалавечую цеплыню“, — гаворыцца ў паведамленні фонду.

Мілінкевіч памёр раніцай 11 жніўня ва ўзросце 79 гадоў.

З верасня 2023 года ён быў пазаштатным дарадцам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, якая адзначыла, што гэта быў чалавек выключнай годнасці, які стаў для многіх арыенцірам.

Выбітным дзеячам, які “пакідае яркі след у гісторыі Беларусі як той, хто нястомна змагаўся за свабоду і дэмакратыю”, назваў кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Мілінкевіч прысвяціў сваё жыццё барацьбе за дэмакратыю ў Беларусі, заявіла старшыня Еўрапейскага парламента Раберта Метсола.

ДзяржСМІ нічога не паведамілі пра смерць палітыка. У адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у гэты дзень з’явіліся пасты абразлівага ўтрымання ў адрас Мілінкевіча.

Гл. таксама:

Рэквіем па Мілінкевічу: Беларускі Гавел, якога будзе не хапаць

Падзяліцца: