Мінск 15:49

Беларускія і кітайскія дэсантнікі правядуць двухтыднёвыя вучэнні ў цэнтральнай частцы КНР

Беларускія дэсантнікі
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

7 жніўня, Позірк. Беларуска-кітайскія вучэнні “Імклівы арол — 2026” пройдуць 11–24 жніўня ў правінцыі Хубэй (цэнтральная частка КНР), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, удзельнікі манеўраў — дэсантныя падраздзяленні — “адпрацуюць дзеянні па барацьбе з тэрарыстамі”: “Удасканаляць навыкі вядзення выведкі, захопу і ўтрымання пазіцый, зачысткі тэрыторыі і арганізацыі абароны”.

“Вучэнні скіраваныя на падвышэнне баявой гатоўнасці падраздзяленняў і паглыбленне практычнага ўзаемадзеяння паміж узброенымі сіламі дзвюх краін”, — гаворыцца ў паведамленні.

Напрыканцы ліпеня Беларусь наведвала вайсковая дэлегацыя Сіл інфармацыйнай падтрымкі Народна-вызваленчай арміі КНР. Кітайскія вайскоўцы сустрэліся з прадстаўнікамі ўпраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных сіл і галоўнага інфармацыйна-вылічальнага цэнтра УС Беларусі.

“Бакі абмеркавалі пабудову сістэм сувязі і кібербяспекі, мадэлі іх выкарыстання і захады па супрацьдзеянні кібератакам на інфармацыйныя сістэмы кіравання”, — паведамляла тады Мінабароны.

Аляксандр Лукашэнка апошні раз наведваў Кітай напрыканцы ліпеня 2026 года. На сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам ён выступіў за ўмацаванне двухбаковых сувязей, а таксама адзначыў, што Беларусь паўсюдна ў эканоміцы выкарыстоўвае кітайскія тэхналогіі, задаволеная іх узроўнем і якасцю прадукцыі, якую атрымлівае.

У сваю чаргу кіраўнік КНР заклікаў “захоўваць стратэгічную камунікацыю і працягваць папулярызаваць двухбаковыя стасунки на высокім узроўні дзеля большага дабрабыту народаў дзвюх краін”.

Паводле яго слоў, Кітай падтрымлівае Беларусь “у абароне дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама ў выбары шляху развіцця, які адпавядае яе ўласным нацыянальным умовам”, гатовы “і надалей па меры магчымасцяў садзейнічаць развіццю і будаўніцтву Беларусі”. Пры гэтым ён не ўдакладніў, што пагражае тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы.

Падзяліцца: