Мінск 19:40

Кіраўнік студыі ZROBIM architects Макоўскі выйшаў на волю

5 жніўня, Позірк. Кіраўнік архітэктурнай студыі ZROBIM architects Андрэй Макоўскі выйшаў на волю, вынікае з апублікаванага ім відэа на старонцы ў сацсетцы “Тредс”.

На відэа мужчына спальвае нейкую вопратку і кажа: “Ёсць традыцыя: вяртаючыся на волю, спальваць рэчы, у якіх ты там быў. Усім прывітанне, Я дома”.

Макоўскі правёў за кратамі амаль чатыры месяцы.

17 красавіка Камітэт дзяржкантролю паведаміў аб спыненні “незаконнай дзейнасці” ТАА “Арт-студыя “Зробім“, якая аказвае паслугі “па праектаванні і дызайне аб’ектаў нерухомасці <…> на тэрыторыі Беларусі <…> і замежных дзяржаў”.

“Выяўлена, што на працягу 2022–2025 гадоў кампанія не ў поўным аб’ёме адлюстроўвала ва ўліку грашовыя сродкі, атрыманыя ад аказання паслуг у сферы праектавання і дызайну аб’ектаў нерухомасці, — сцвярджаў КДК. — Агулам ад падаткаабкладання схавана больш за 15 млн рублёў. Гэтыя сродкі выкарыстоўваліся ўладальнікамі артстудыі на асабістыя мэты, у тым ліку набыццё дарагой нерухомасці ў Беларусі і за мяжой і люксавых аўтамабіляў”.

“Акрамя таго, частка ўтоенай выручкі выкарыстоўвалася для выплаты заробку “ў канвертах”. Выяўленыя факты выплаты “шэрага” заробку больш як 50 работнікам кампаніі. Агульны памер выплачанага заробку “ў канвертах” склаў звыш 12 млн рублёў”, — заявіў КДК.

Сцвярджалася, што сума нанесенай дзяржаве шкоды, паводле папярэдняй ацэнкі, складае больш за 5 млн рублёў.

Ведамства паведаміла, што “па фактах ухілення ад выплаты падаткаў і невыканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў распачатыя крымінальныя справы”. Заяўлена, што “сузаснавальнік кампаніі супрацоўнічае са следствам і дае прызнальныя паказанні”.

У мінскі офіс вядомай архітэктурнай студыі ZROBIM architects 9 і 10 красавіка прыйшлі сілавікі. Было затрымана каля 50 супрацоўнікаў, большасць з іх пасля выйшла на волю. Вылучалася версія, што ўсе гэтыя дзеянні звязаныя з паведамленнямі заснавальніка кампаніі Андрэя Макоўскага ў сацсетках пра ліст, які прыйшоў з дзяржорганаў “з указаннем узяць у штат ідэолага”.

Падзяліцца: