Мінск 13:33

Страхавыя кампаніі ў першай палове 2026 года сабралі на 10% больш узносаў, чым годам раней — Мінфін

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

31 ліпеня, Позірк. У студзені — чэрвені 2026 года ўзносы страхавых арганізацый па прамым страхаванні і сустрахаванні склалі 1 млрд 554,8 млн рублёў — на 9,9% больш, чым за тыя ж месяцы 2025-га (1 млрд 414,8 млн), паказаў праведзены Позіркам аналіз даных Міністэрства фінансаў.

Па добраахвотных відах страхавання сабрана 1 млрд 33,4 млн рублёў (961 млн; +7,5%), па абавязковых відах — 521,4 млн (453,8 млн; +14,9%).

Выплаты страхавога пакрыцця і страхавога забеспячэння склалі 874,5 млн рублёў (794,3 млн; +10,1%).

Удзельная вага добраахвотных відаў страхавання ў агульнай суме страхавых узносаў склала 66,5% (у студзені — чэрвені 2025-га — 67,9%).

Намінальны налічаны сярэдні заробак прадстаўнікоў сферы фінансаў і страхавання ў чэрвені склаў 4.392,7 рубля (у траўні — 4.201,9; +4,5%) — на 41,5% больш, чым сярэдні па Беларусі (3.104,1).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам названага сектара эканомікі, на 1 ліпеня 2026 года вырасла да 6 млрд 252,1 млн рублёў (5 млрд 187,3 млн; +20,5% у гадавым вымярэнні).

Падзяліцца: