Мінск 15:41

Прэзідэнт Узбекістана абмеркаваў з дэлегацыяй з Беларусі супрацу ў сферы атамнай энергетыкі

Ілюстрацыйнае фота на старонцы адміністрацыі БелАЭС у сацсетцы "УКантакце"

20 ліпеня, Позірк. Пытанні “далейшага пашырэння ўзбекска-беларускіх стасункаў стратэгічнага партнёрства” абмяркоўваліся 20 ліпеня на сустрэчы прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева з беларускай дэлегацыяй на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам (раней займаў пасаду міністра энергетыкі).

Паводле інфармацыі прэс-службы кіраўніка гэтай дзяржавы ў Цэнтральнай Азіі, бакі “з задавальненнем” адзначылі “плённыя вынікі афіцыйнага візіту лідара Узбекістана ў Мінск сёлета 8–9 ліпеня, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы”.

“Падкрэсленая важнасць своечасовай рэалізацыі прынятага плана мерапрыемстваў, які прадугледжвае давядзенне тавараабароту да 2 мільярдаў долараў і прасоўванне праектаў кааперацыі ў прыярытэтных сферах эканомікі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што асобная ўвага была нададзеная “выкарыстанню досведу Беларусі ў стварэнні першай атамнай электрастанцыі і спадарожнай інфраструктуры” ва Узбекістане.

“Гаворка ідзе пра экспертнае суправаджэнне ў ходзе праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі будучай станцыі, падрыхтоўку нацыянальных кадраў у галіне і запуск сумесных праграм паміж профільнымі ВНУ”, — патлумачыла прэс-служба Мірзіёева.

Улады Узбекістана маюць намер пабудаваць атамную электрастанцыю ў Фарышскім раёне Джызакскай вобласці (паўночны захад краіны; рэгіён мяжуе з Казахстанам). На гэты момант плануецца, што яна будзе складацца з двух энергаблокаў РІТМ-200Н па 200 МВт і двух блокаў ВВЭР-1000 па 1.000 МВт. Асноўным падрадчыкам вызначаная расійская дзяржкарпарацыя “Расатам”, якая ў асобе сваіх структур выступала генпадрадчыкам будаўніцтва Беларускай АЭС.

На сустрэчы з Мірзіёевым 9 ліпеня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка прапанаваў узбекскім працоўным мігрантам прыязджаць у Беларусь з сем’ямі.

13 ліпеня ў Беларусь прыбыло некалькі соцень жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана, якіх працаўладкавалі ў Віцебскай вобласці. На наступны дзень прэс-служба Лукашэнкі анансавала прыезд у гэты рэгіён 5 тыс. работнікаў з гэтай краіны.

Паводле інфармацыі ўзбекскіх СМІ, 15 ліпеня некаторыя работнікі праз сацыяльныя сеткі выказалі незадаволенасць умовамі жыцця і заробкам. Аднак на наступны дзень працоўныя мігранты запісалі новае відэа, у якім сцвярджалася, што “спрэчныя пытанні вырашаныя, і яны задаволеныя ўмовамі працы і пражывання”.

У наступныя дні пра сітуацыю з работнікамі з Узбекістана актыўна выказваліся чыноўнікі, напрыклад міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, які заявіў, што з тымі, хто прыбыў, “няма ніякіх праблем”. 17 ліпеня з грамадзянамі Узбекістана — работнікамі прадпрыемства “Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў” (Наваполацк, Віцебская вобласць) сустрэлася старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Па выніках размовы кіраўніца верхняй палаты парламента заявіла, што “пытанняў яны не маюць”.

Крутой пра работнікаў з Узбекістана: Гэта не бескантрольная міграцыя, а прыезд спецыялістаў на інвестпраекты

18 ліпеня, Позірк. Людзі "не вельмі пачулі тое, пра што" ў кантэксце прыезду работнікаў з Узбекістана казалі прэзідэнт гэтай краіны Шаўкат Мірзіёеў і Аляксандр Лукашэнка, такое меркаванне выказаў журналістам 18 ліпеня кіраўнік адміністрацыі апошняга Дзмітрый Крутой. "Спецыфіка апошніх перамоў і …
Падзяліцца: