Мінск 11:29

Кітайскія матацыклы танна пастаўляліся ў РФ праз Беларусь, магчыма, у ваенных мэтах — БРЦ

Ілюстрацыйнае фота: Powering Offroad / unsplash.com

14 ліпеня, Позірк. Кітайскія матацыклы траплялі ў РФ праз Беларусь па заніжаным сама меней у 10 разоў кошце — у схеме паставак удзельнічалі кампаніі, зарэгістраваныя ў Швейцарыі і Ганконгу, некаторыя з іх звязаныя з атачэннем набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана, заяўляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Такая схема магла не толькі скарачаць мытныя плацяжы, але і ствараць дадатковыя перавагі кітайскім канкурэнтам “Мотавелазавода” на адным з яго ключавых рынкаў збыту, адзначыла аўтар расследавання Святлана Яцкова.

Пры гэтым звяртаецца ўвага, што маршрут паставак выглядаў нетыпова: тэхніка ішла не наўпрост у Расію, а з Кітая ў Казахстан, пасля ў РФ, у Беларусь і зноў у Расію. Менавіта ў Беларусі матацыклы праходзілі мытнае афармленне, пасля чаго зноў накіроўваліся на расійскі рынак.

“Паводле дакументаў, якія мы атрымалі ад ініцыятывы “Рабочы Рух”, у лістападзе 2025 года адзін з кітайскіх вытворцаў накіраваў у Беларусь каля сотні такіх эндура-матацыклаў (спартыўны клас для язды па бездарожжы. — “Позірк”.) па 200 долараў кожны, — гаворыцца ў расследаванні. — Месяцам раней у краіну ўвезлі партыю мотатэхнікі агульнай вагой больш за 15 тон: сярэдні кошт аднаго матацыкла склаў каля 60 долараў. Яшчэ ў адной пастаўцы 108 кросавых матацыклаў разам з камплектуючымі аформілі менш чым за 9 тыс. долараў — каля 80 долараў за адзінку. За два гады — з 2023 па 2025 год — паводле такой схемы ўвезлі тэхнікі амаль на 3 млн долараў”.

Адзначаецца, што заніжэнне кошту тэхнікі дазваляе скараціць мытныя плацяжы і ПДВ, якія разлічваюцца на аснове заяўленага кошту тавару.

БРЦ высветліў, што пастаўкі праходзілі праз беларускую кампанію “Брандсхандэль”, зарэгістраваную ў лютым 2023 года. Яе заснавальнік і кіраўнік Андрэй Феакцістаў да гэтага амаль дзесяць гадоў працаваў у кампаніях, звязаных з атачэннем Шэймана, адзначае БРЦ. Яшчэ раней Феакцістаў працаваў на “Мотавела”.

“Амаль палова цяперашніх супрацоўнікаў кампаніі раней працавала ў фірме “Глобалкастам”. Абедзве кампаніі ў розны час былі зарэгістраваныя па адным адрасе на вул. Няміга ў Мінску. Фармальна ўладальніцамі “Глобалкастама” былі выпускніца Акадэміі мастацтваў і адэская цырульніца. Аднак, як раней высветліў БРЦ, выпускніца ў той час знаходзілася ў стасунках з Віктарам Шэйманам, а цырульніца была жонкай пляменніка яго першай жонкі. “Глобалкастам”, як цяпер і “Брандсхандэль”, зарабляў на афармленні імпартных паставак праз беларускую мытню і мінімізацыі мытных плацяжоў — у тым ліку ў перыяд, калі Шэйман займаў пасаду кіраўніка справамі прэзідэнта”, — піша аўтар расследавання.

Пасля “Глобалкастама” частка яго супрацоўнікаў перайшла не толькі ў “Брандсхандэль”, але і раней у “Алексвіт ЛТД”, якая таксама сама меней адзін раз выступала мытным дэкларантам паставак “Брандсхандэля”. З 2021 па 2025 год яна належала былому намесніку старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргею Барысюку. У дзень, калі Барысюк стаў уладальнікам кампаніі, яе дырэктарам прызначылі Кірыла Жукава — чалавека, які раней працаваў у структурах атачэння Шэймана.

У расследаванні адзначаецца, што схема з пастаўкамі кітайскіх матацыклаў разгортвалася ў той час, калі расійскі рынак перажываў імклівы рост. Паводле галіновай статыстыкі, калі ў 2022 годзе ў Расіі прадалі каля 15,5 тыс. новых матацыклаў, то да 2025 года — ужо больш за 51 тыс.

Выказваецца меркаванне, што адной з прычын можа быць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну: эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны звярнулі ўвагу, што эндура, прыдатныя для язды па бездарожжы, пачалі закупляць для патрэбаў расійскай арміі. Акрамя таго, на фоне падаражання аўтамабіляў расіяне сталі часцей выбіраць мотатэхніку.

Мінскі мотавелазавод выпускае эндура-матацыклы, аналагічныя тым, якія фігуруюць у расследаванні. Аднак скарыстацца гэтым ростам попыту завод не змог. Паводле дзяржаўных СМІ, у 2024 годзе ён выпусціў усяго каля 6 тыс. матацыклаў.

Замест таго каб умацоўваць пазіцыі беларускага вытворцы на рынку, які расце, на пастаўках кітайскіх матацыклаў зараблялі кампаніі, звязаныя з атачэннем Віктара Шэймана, падкрэсліваецца ў расследаванні.

29 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра ўвядзенне новых санкцый у дачыненні да Беларусі, сярод іншых пад абмежаванні трапіў Шэйман. Адзначалася, што ён з’яўляецца “блізкім паплечнікам” Лукашэнкі — “на працягу многіх гадоў займаў высокія дзяржаўныя пасады ў Беларусі”, “выконвае даручэнні самаабвешчанага прэзідэнта, вядзе міждзяржаўныя перамовы і наладжвае ценявыя дзелавыя сувязі”.

Паводле звестак украінскага боку, Шэйман “датычны да арганізацыі “эскадронаў смерці”, якія знішчалі апазіцыйных палітыкаў, актывістаў і грамадскіх дзеячаў”. Ён з’яўляецца “адным з арганізатараў схем абыходу санкцый, уведзеных Украінай і дзяржавамі-партнёрамі супраць расійскіх і беларускіх кампаній”.

Шэйман таксама знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Канады.

Падзяліцца: