Мінск 14:10

Затрыманы 21-гадовы жыхар Брэста, які стварыў буйную фішынгавую групу — МУС

Ілюстрацыйнае фота: Towfiqu Barbhuiya / unsplash.com

9 ліпеня, Позірк. Выкрыта “ашуканская фішынгавая схема”, арганізаваная 21-гадовым жыхаром Брэсцкай вобласці, паведаміла 9 ліпеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, ён стварыў злачынную групу, у якую ўцягнуў яшчэ 24 чалавекі. Усе яны шукалі на інтэрнэт-пляцоўках аб’явы пра продаж тавараў і звязваліся з прадаўцамі. Сцвярджаючы, што прыехаць па пакупку самі не могуць, прасілі аформіць дастаўку і адпраўлялі фішынгавыя спасылкі.

Калі прадаўцы пераходзілі на старонкі, куды вялі спасылкі, і ўводзілі рэквізіты, фішэры атрымлівалі поўны доступ да банкаўскіх рахункаў ды імгненна спісвалі ашчаджэнні, адзначае МУС.

На гэты момант вядома пра сем пацярпелых.

Распачатая крымінальная справа за “махлярства, здзейсненае арганізаванай групай”, фігурантам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Колькасць кіберзлачынстваў у 2025 годзе знізілася на 6% у параўнанні з 2024-м, паведаміў сёлета ў студзені начальнік упраўлення па наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю і выкананнем законаў у дзейнасці органаў дазнання Генпракуратуры Сяргей Замара.

Паводле яго слоў, гаворка пра махлярства з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, крадзяжах, што здзяйсняюцца шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі.

Падзяліцца: