Мінск 01:34

Амбасада Германіі адзначыла заслугі памерлага беларускага дыпламата і лінгвіста Пятра Садоўскага

Пётр Садоўскі
Архіўнае фота: "Радыё Свабода"

8 ліпеня, Позірк. Амбасада Германіі ў Мінску смуткуе аб сыходзе з жыцця Пятра Садоўскага, першага амбасадара Беларусі ў Германіі, гаворыцца ў паведамленні дыпмісіі.

Садоўскі “меў цесныя сувязі з Германіяй і актыўна выступаў за падтрыманне сяброўскіх стасункаў паміж Беларуссю і Германіяй”, адзначаецца ў рэлізе.

Падкрэсліваецца, што “асаблівае месца ў жыцці для яго як лінгвіста займала нямецкая мова”, “пры гэтым яго вялікай любоўю заставаліся беларуская мова і культура”.

“Сваёй шматгадовай адважнай дзейнасцю Пётр Садоўскі ўнёс істотны ўклад у станаўленне незалежнасці Беларусі”, — лічаць у амбасадзе ФРГ.

Садоўскі памёр 5 ліпеня ва ўзросце 87 гадоў (па пашпарце — 85). Быў сынам партызана, які загінуў падчас Другой сусветнай вайны. З адзнакай скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча і факультэт нямецкай мовы Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў).

Выкладаў у сваёй альма-матэр. Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР — займаўся прыкладным мовазнаўствам, у 1977 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У 1986-1990 гадах выкладаў на пасадзе дацэнта ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці: уваходзіў у склад моўнай камісіі Беларускага фонду культуры, удзельнічаў у працы камісіі Вярхоўнага Савета БССР па пытаннях моўнай палітыкі. У 1990-1992 гадах — дэпутат ВС БССР 12-га склікання (член фракцыі БНФ), дзе займаў пасаду ў прэзідыуме і ўзначальваў камісію па замежных справах і знешнеэканамічных сувязях.

У 1992-1994 гадах Садоўскі стаў першым амбасадарам незалежнай Беларусі ў Германіі.

З 1996 па 1999 год працаваў дарадцам па знешніх сувязях у кампаніі “Пагс“ і вядучым супрацоўнікам па знешніх сувязях у “Прыёрбанку“. У 1999-2000 гадах узначальваў ГА “Клуб Бон-Мінск“ і з’яўляўся членам рэдкалегіі часопіса Wostok.

На працягу васьмі гадоў, з 1996-га па 2004-ы, выкладаў нямецкую мову і беларусазнаўства ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, які пасля быў закрыты ўладамі.

На пенсіі супрацоўнічаў у якасці карэспандэнта з нямецкамоўным часопісам “Замежная інфармацыя” Фонду Конрада Адэнаўэра. У 2019 годзе быў уганараваны медалём “100 гадоў дыпламатычнай службы Беларусі“.

Напісаў аўтабіяграфічную кнігу “Мой шыбалет”.

Падзяліцца: