Мінск 19:29

Лукашэнка ў віншаванні Трампу з Днём незалежнасці захапляецца амерыканскай нацыяй і выказвае кампліменты яму асабіста

Архіўнае фота: старонка Дональда Трампа ў "Фэйсбуку"

4 ліпеня, Позірк. “Немагчыма без захаплення назіраць за тым, якія вышыні здолела пакарыць амерыканская нацыя за час шляху даўжынёй чвэрць тысячагоддзя”, — гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі “Прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі Дональду Трампу з Днём Незалежнасці і 250-годдзем адукацыі ЗША” (арфаграфія захавана).

Віншавальнік, як паведамляе яго прэс-служба, у гэтым кантэксце пералічыў высадку астранаўтаў ЗША на Месяц (1969 год), “значныя для ўсяго чалавецтва прарывы ​​ў сферах навукі і медыцыны, сур’ёзныя эканамічныя дасягненні”.

“Усё гэта прыклады мэтанакіраванасці, працавітасці і сапраўднага патрыятызму амерыканцаў”, — лічыць Лукашэнка.

“Невыпадкова гэтая важная вяха — 250-годдзе ўтварэння ЗША — выпадае на перыяд прэзідэнцтва чалавека, які прыкладае ўсе намаганні на карысць” дзяржаве, заявіў ён.

“Паміж нашымі народамі ніколі не існавала супярэчнасцей”, — лічыць Лукашэнка, які адзначыў сваю гатоўнасць “працаваць разам для нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін”.

Таксама ён падахвоціўся “падтрымліваць імкненні” Трамп “зрабіць планету больш бяспечным месцам для дзяцей і ўнукаў”.

Лукашэнка зычыў прэзідэнту і “кожнаму грамадзяніну ЗША міру, шчасця і квітення.

Напярэдадні Трамп павіншаваў беларусаў з Днём незалежнасці. Як сцвярджае прэс-служба Лукашэнкі, у пасланні выказана надзея на сустрэчу з ім.

Год таму Лукашэнка ў віншаванні Трампу і “ўсім амерыканцам” выказаў надзею на “аднаўленне станоўчай дынамікі міждзяржаўных кантактаў і рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў”.

У 2021–2024 гадах, калі прэзідэнтам ЗША быў Джо Байдэн, Лукашэнка віншаваў з Днём незалежнасці толькі народ гэтай краіны — традыцыйная, запазычаная ў Расіі практыка Мінска ў адносінах з дзяржавамі, якія ён лічыць “недружалюбнымі”.

У 2020 годзе, у перыяд першай прэзідэнцкай кадэнцыі Трампа, Лукашэнка жадаў яму “паспяховага правядзення выбараў”, аднак у выніку перамог Байдэн.

Вызваленых палітвязняў будзе больш — Коўл

21 чэрвеня, Позірк. Чарговы запіс аб вызваленні палітвязняў зрабіў у сацсетцы Х спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Ён адрэагаваў на публікацыю дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у сувязі з гадавінай выхаду на волю яе мужа — блогера Сяргея …

Падзяліцца: