Мінск 21:14

Мытня спыніла ўвоз у Беларусь з РФ партыі тавараў коштам 1,4 млн долараў без неабходных дакументаў

Фота: прэс-служба ДМК

4 ліпеня, Позірк. Буйную партыю “замежных тавараў народнага спажывання”, якія паступілі на тэрыторыю ЕАЭС “у абыход мытнага афармлення”, выявілі магілёўскія мытнікі.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэта, у рамках “адмысловых мерапрыемстваў” пры ўездзе ў Беларусь з Расіі быў правераны аўтамабіль DAF беларускай кампаніі-перавозчыка. Грузавік транспартаваў 88,5 тыс. адзінак тавараў (адзенне, абутак, скураная галантарэя, чахлы для мабільных тэлефонаў ды інш.) коштам больш за 4 млн рублёў (каля 1,4 млн долараў).

Адзначаецца, што кіроўца не меў неабходных транспартных і грузасуправаджальных дакументаў на “тавар, які планаваўся да далейшай рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі”.

У дачыненні да юрыдычнай асобы распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 13.12 КаАП (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспартавання, водпуску і рэалізацыі тавараў). Санкцыя паводле гэтага артыкула для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрасоб — штраф да 50% кошту “прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, сумы выручкі, атрыманай ад рэалізацыі тавараў”.

Падзяліцца: