Мінск 02:19

Зяленскі: Лукашэнка павінен прыбраць рэтранслятары на мяжы, а сваё “выбачаюся” хай пакіне сабе

Фота: старонка Уладзіміра Зяленскага ў "Фэйсбуку"

21 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка на працягу бліжэйшага тыдня павінен прадэманстраваць канкрэтныя крокі па дээскалацыі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 21 чэрвеня ў інтэрв’ю мясцоваму тэлеканалу ТСН.

Паводле слоў прэзідэнта, яго стратэгія заключаецца ў тым, каб, перш чым рабіць публічныя заявы, ён прадпрымае “пэўныя крокі дээскалюючыя непублічна“.

“На ўзроўні выведак і вайскоўцаў, Беларусь на ўзроўні кіраўніцтва атрымлівала інфармацыю: “Спыніце дапамагаць рускім”, — адзначыў Зяленскі.

“Гісторыя з рэтранслятарамі — не гісторыя ўчорашняга дня, гэта працяглы працэс, за якім стаяць ахвяры выключна з боку Украіны. Тэхнічна яны каардынуюць і тэхнічна яны дапамагаюць больш дакладнаму паражэнню расейскімі і іранскімі дронамі ўкраінскага грамадства — вось што адбываецца“, — сказаў украінскі прэзідэнт.

“Лукашэнка павінен акрамя слоў дэманстраваць дээскалацыю, дэманстраваць не проста словамі “я выбачаюся“. Яго “выбачаюся” хай ён пакіне сабе. Яно не працуе пасля першага дня пачатку вайны. Я гэта тлумачыў праз нашы выведкі, Службу бяспекі [Украіны] і г.д. На розных узроўнях у нас ёсць кантакт“, — падкрэсліў Зяленскі.

Паводле слоў прэзідэнта, ён тлумачыў Лукашэнку, што трэба рабіць: “Дэманстрацыя канкрэтных крокаў. Крок № 1: ніякай тэхнічнай падтрымкі. Прамая падтрымка рэтранслятараў — выключыць, зняць і паказаць нам, што гэта знята. І мы завяршылі гэтае пытанне. Паколькі гэта перадавалася ім (беларускім уладам. — Позірк.) неаднаразова, мы перайшлі ў стадыю публічнага сігналу. Калі не здыме, то мы здымем — усё, што адбудзецца за тыдзень. Альбо яны, альбо мы. Вось і ўсё”.

Як паведаміў Зяленскі, публічную рэакцыю з Мінска ён не мае. “Мяне іх непублічныя словы не моцна цікавяць, шчыра кажучы. Мы ж разумеем, што маецца на ўвазе“, — дадаў ён.

“Таксама мы ім кажам, даем сігнал: спыніце, калі ласка, пастаўку паліва расійскай арміі. Але гэта толькі сігнал, тут няма ніякіх пагроз, нічога. Мы проста кажам, што гэта бачым”, — сказаў Зяленскі. Ён прывёў паралель з кампаніямі іншых краін, якія прадаюць сваю прадукцыю расійскаму вайскова-прамысловаму комплексу: “Гэтак жа, як мы часам кажам тым ці іншым кампаніям ва ўсім свеце: вы перадаеце рэчы, якія Расія выкарыстоўвае ў сваіх ракетах. Мы гэта робім непублічна — першыя крокі заўсёды непублічныя. А другія крокі — іншыя, калі мы ўжо звяртаемся да лідараў тых ці іншых краін, кажам: вось вам назвы кампаній, мы стараліся як маглі, мы іх уносім у санкцыі. Затым партнёры кажуць: давайце цяпер не ўносіць, давайце мы зробім як-небудзь, там гэтыя кантракты пракантраляваць дзе магчыма. Гэта ж гэта рынкавая эканоміка, ты тут не пакантралюеш. Але мы пакутуем, а яны будуюць ракеты. Таму і пакеты важныя санкцыйныя, і нас чуюць. ЕС чуе, Канада чуе, Брытанія чуе — краіны чуюць, гэта праўда”.

“Беларусі трэба спыніць проста казаць, а пачуць“, — заклікаў Зяленскі.

20 чэрвеня ў традыцыйным вячэрнім звароце да суайчыннікаў прэзідэнт Украіны заявіў, што Кіеў “неаднаразова пасылаў сігналы, што ўцягванне Расіяй у гэтую вайну яшчэ і Беларусі можа прывесці да вельмі небяспечных наступстваў“.

“У прыватнасці, мы зафіксавалі, што ўздоўж нашай мяжы на тэрыторыі Беларусі ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, якое працуе на Расію, на расіян, і дапамагае ім наносіць удары дронамі па нас, па нашай тэрыторыі, — сказаў палітык. — Мы ва Украіне ведаем пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — у Гомельскай і Брэсцкай абласцях“.

“Менавіта дзякуючы такому абсталяванню наносіліся ўдары па Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласцях, па нашай энергетыцы, па нашай чыгунцы — па звычайных гарадах, па нашых вёсках. У Беларусі ёсць час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне“, — дадаў ён.

19 чэрвеня Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай: “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”. Украінскі прэзідэнт таксама заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску.

Падзяліцца: