Мінск 20:03

Ціханоўская: Злачынствы РФ нагадваюць, што беспакаранае зло вяртаецца

Памятныя мерапрыемствы ў Рызе 14 чэрвеня
Фота: LETA / Delfi

14 чэрвеня, Позірк. “Злачынствы Расіі ва Украіне нагадваюць нам аб тым, што беспакаранае зло вяртаецца”, — напісала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў X 14 чэрвеня ў кантэксце 85-й гадавіны масавай дэпартаці насельніцтва з акупаваных СССР краін Балтыі.

“У 1941 годзе дзесяткі тысяч людзей былі вырваныя са сваіх дамоў і дэпартаваныя ў ГУЛАГ. Многія так і не вярнуліся. Мы шануем памяць ахвяр, падтрымліваючы тых, хто сёння сутыкаецца з тым жа тэрорам”, — дадала палітык.

На яе думку, справядлівасць — адзіная гарантыя супраць яго паўтарэння: “Мы павінны стаяць цвёрда, каб тыранія ніколі больш не перамагла”.

Прадстаўнік Офіса Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі Віталь Малчанаў нагадаў, што “тысячы людзей былі вырваныя са сваіх дамоў таталітарным рэжымам”.

“Сёння ўкраінскіх дзяцей дэпартуюць пры садзейнічанні рэжыму [Аляксандр] Лукашэнка. Памяць — гэта не толькі мінулае. Гэта папярэджанне для сучаснасці”, — напісаў ён у той жа сацыяльнай сетцы.

14 чэрвеня ў Літве і Эстоніі адзначаецца як Дзень смутку і надзеі, у Латвіі — Дзень памяці ахвяр камуністычнага тэрору. 15 чэрвеня ў Літве праходзіць пад эгідай памяці як Дзень акупацыі і генацыду.

85 гадоў таму савецкія ўлады пачалі масавыя дэпартацыі жыхароў у Сібір і на Крайнюю Поўнач.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Беларускія ўлады ўдзельнічаюць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей і іх індактрынацыі згодна з ідэалогіяй Крамля.

Падзяліцца: