КДК спагнаў з вінаватых у падзяжы жывёлы больш за 3,8 млн рублёў

9 чэрвеня, Позірк. Пытанні жывёлагадоўлі, у тым ліку падзяжу жывёлы, захаванне колькасці пагалоўя, селекцыйна-племянная праца, рэалізацыя прадукцыі знаходзяцца “на асаблівым кантролі” Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК), паведаміў кіраўнік ведамства Васіль Герасімаў.
Паводле інфармацыі прэс-службы КДК, чыноўнік заявіў пра гэта 9 чэрвеня ў Мінску на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў, адзначыў Герасімаў, унесена звыш 3 тыс. актаў нагляду. За парушэнні да адказнасці прыцягнута больш як 9 тыс. чалавек, у тым ліку 26 старшынь райвыканкамаў.
“Зробленыя захады па спагнанні з вінаватых шкоды ад падзяжу жывёлы ў памеры больш за 3,8 мільёна рублёў”, — паведаміў старшыня КДК.
З кантэксту яго выступу вынікае, што гаворка ідзе пра лічбы за 2025 год.
Камітэт таксама кантралюе будаўніцтва і запаўненне малочнатаварных комплексаў, сочыць за эфектыўнасцю іх працы, заявіў чыноўнік. На пачатак 2026 года, сказаў ён, не было запоўнена каля 12,5 тыс. жывёламесцаў на 53 сучасных фермах, “выяўленыя факты злоўжыванняў”.
На прапанову КДК, паведаміў Герасімаў, за “грубыя парушэнні заканадаўства” па выніках праверак у 2025 годзе з Рэестра перапрацоўшчыкаў мясной прадукцыі выключаны 41 суб’ект, прыпыненая дзейнасць яшчэ 27.
“На нядобрасумленных перапрацоўшчыкаў чыняцца розныя меры ўздзеяння. Галоўная мэта — гандляваць не сыравінай, а прадукцыяй з глыбокай ступенню перапрацоўкі і высокай дададзенай вартасцю”, — падкрэсліў ён.
Пракуратура і міліцыя рэгулярна інфармуюць пра выяўленне фактаў падзяжу буйной рагатай жывёлы. Пра такі выпадак 23 студзеня паведамляла УУС Гродзенскага аблвыканкама. Паводле звестак міліцыі, у выніку службовай халатнасці 38-гадовага дырэктара сельгасарганізацыі ў Шчучынскім раёне “падзёж буйной рагатай жывёлы склаў 728 галоў, з якіх 421 — маладняк”.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ; каровы, быкі ды інш.) на канец 2025 года склала 3.900.272 галоў — на 3% менш, чым было годам раней (4.020.428), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы адзначаецца ад пачатку 2019 года, калі ў краіне налічвалася 4 млн 336,7 тыс. галоў. На пачатак 2020 года іх было 4 млн 290,8 тыс., 2021-га — 4 млн 287,7 тыс., 2022-га — 4 млн 232,4 тыс., 2023-га — 4 млн 209,3 тыс., 2024-га — 4 млн 19 97,9 тыс.
10 красавіка Камітэт дзяржкантролю паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальных спраў супраць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў у трох іншых раёнах Гомельскай вобласці — Гомельскім, Жлобінскім і Петрыкаўскім.
КДК сцвярджаў, што “невыкананне правілаў утрымання буйной рагатай жывёлы і яе кармлення”, а таксама “парушэнні пры вакцынацыі, неправядзенне мерапрыемстваў па прафілактыцы захворванняў” у гэтых гаспадарках “прывялі да гібелі ў 2025–2026 гадах больш як 830 галоў буйной рагатай жывёлы”. Нягледзячы на сістэматычны падзёж буйной рагатай жывёлы, дырэктары гаспадарак не арганізавалі “належную працу на сельгасаб’ектах”, “не рабіліся захады па выпраўленні сітуацыі”.
Нанесеную гаспадаркам шкоду КДК ацаніў у суму больш як 920 тыс. рублёў.

- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваМінулая вясна была на 1,5 градуса цяплейшай за норму (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваЛета 2026 года на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца цяплей за норму з дэфіцытам ападкаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства


