Мінск 21:26

Снапкоў прадставіў Беларусь перспектыўнай для інвестыцый краінай паміж ЕС і ЕАЭС, не згадаўшы пра санкцыі

Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў
Архіўнае відэа: CGTN / стоп-кадр "Позірк"

6 чэрвеня, Позірк. “Геаграфію, пераўтвораную ў эканоміку”, назваў галоўнай для інвестараў канкурэнтнай перавагай Беларусі першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў 6 чэрвеня ў Мінску на Беларуска-Кітайскім форуме прамысловай і інвестыцыйнай супрацы.

“Беларусь месціцца на стыку Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза — у эпіцэнтры вялізнага рынку, дзе ў радыусе 2.000 кіламетраў ад Мінска ствараецца больш за чвэрць сусветнага ВУП, — заявіў ён (на падставе відэазапісу ў тэлеграм-канале ўрада). — Любы тавар, выраблены ў Беларусі, атрымлівае свабодны доступ на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза — гэта звыш 180 мільёнаў спажыўцоў у пяці краінах. Інвестуючы ў нас, вы атрымліваеце вытворчую базу не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўразіі”.

Паводле слоў Снапкова, Беларусь ёсць краінай з “індустрыяльнай і адначасова інавацыйнай эканомікай”.

“Чвэрць ВУП фармуе прамысловасць. Прычым гэта не толькі класічнае машынабудаванне, хімія і дрэваапрацоўка, але і хуткарослыя сектары: электроніка, фармацэўтыка, біятэхналогіі, разумная тэхніка, оптыка. Інвестар прыходзіць туды, дзе маюцца людзі, рэсурсы і прадказальныя правілы гульні. У Беларусі моцная інжынерная школа, каля 50 універсітэтаў, кампетэнцыі ў механіцы, праграмаванні, мікраэлектроніцы і робататэхніцы”, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер.

У сваёй прамове, у прыватнасці, у апублікаваным прэс-службай Савета міністраў фрагменце, Снапкоў не згадаў, што ў дачыненні да Беларусі дзейнічаюць заходнія санкцыі. Наяўнасць абмежавальных мер робіць спрэчным яго сцвярджэнне пра тое, што ў Беларусі інвестары могуць атрымаць “вытворчую базу <…> для ўсёй Еўразіі”, бо Еўрасаюз, які ўвёў мноства санкцый, знаходзіцца менавіта на гэтым мацерыку.

Сярод іншага еўрапейскія санкцыі наўпрост забараняюць набываць асобныя віды прадукцыі беларускага паходжання, у тым ліку тавары дрэваапрацоўчай прамысловасці і некаторых сегментаў хімічнай галіны — сектараў, якія чыноўнік назваў у ліку складнікаў эканомікі Беларусі.

Падзяліцца: