Мінск 00:39

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць прыняць лекараў, якія з’ехалі за мяжу, калі яны ў Беларусі будуць мыць посуд

Ілюстрацыя: Міністэрства аховы здароўя

5 чэрвеня, Позірк. Лекары і настаўнікі звяртаюцца ў камісію па вяртанні, каб вярнуцца на радзіму. З такім сцвярджэннем выступіў Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці новай бальніцы ў Гродне 5 чэрвеня. Ён выказаў гатоўнасць прыняць медыкаў з умовай, што яны будуць мыць посуд і выконваць іншую некваліфікаваную працу.

Адзначыўшы чарговым разам, што трэба захаваць Беларусь, Лукашэнка сказаў: “Я паставіў пытанне нашым начальнікам, вашым начальнікам, маім падначаленым. Ну а як? Можа, хтосьці хоча паехаць [за мяжу]? <…> Не, кажуць, ужо назад хочуць вярнуцца. Мы гэта адчуваем. Я гэта бачу па нашай камісіі <…>. А чаго назад вяртаецеся? Вы ж туды па заробак паехалі і іншае. [Выявілася, што] чужыя. Калі ласка, мы вас прымем. Посуд мыць, там яшчэ чагосьці. Расходнікі, адыходнікі гэтыя <…> выносіць на сметнік і іншае”.

Лукашэнка артыкуляваў уяўны дыялог, у якім медык кажа, што хоча працаваць, вярнуўшыся ў Беларусь, А Лукашэнка яму адказвае, што “лекары ў нас тут свае ёсць“, і ацаніў тых, хто вяртаецца, як “нядрэнных лекараў“.

“З’ездзілі, страцілі час, страцілі грошы. Некаторыя сем’і свае страцілі”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, у 2020 годзе медыкі выступалі не супраць масавых рэпрэсій і гвалту, а за страхавую медыцыну: “Усё ж такі мы адзіная краіна, дзе на дзяржаўным узроўні захавалі ахову здароўя. Зведваем крытыку жорсткую. Ды і лекары, я памятаю 2020 год, што вам не падабалася? Дайце нам страхавую медыцыну. Так вы казалі? Сёння, дзякуй богу, усе зразумелі, што такое страхавая медыцына і што такое наша медыцына, за якую дзяржава адказвае (за кошт падаткаў насельніцтва. — “Позірк“.). Я тады ведаў: калі б мы пайшлі шляхам страхавой медыцыны, не было б медыцыны, <…> вас бы не было. Але вы думалі, што страхавая медыцына, гэта ў тры-чатыры разы зарплата вышэйшая <…>. Мы загубілі б медыцыну. Таму няма медыцыны — няма вас і мяне ў тым ліку”.

Далей Лукашэнка вярнуўся да праблемы нейкай пагрозы для Беларусі: “Я гляджу і думаю пра адно: вось як гэта ўсё захаваць, як зрабіць так, каб сюды варожая морда, прабачце мяне, не ўлезла і нешта не перакрышыла, не пераламала“.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, хтосьці са “збеглых“ (яго вызначэнне палітэмігрантаў) заявіў, што беларусам ёсць што прапанаваць украінцам: “Мы што, павінны пайсці за чужую волю ваяваць ва Украіне? Мы што, хочам мясцовым фаршам там быць, як вайскоўцы кажуць? Не, мы гэтага не хочам”.

3 красавіка на адкрыцці 42-й гарадской паліклінікі ў Мінску Лукашэнка запатрабаваў спыніць “ныць і плакаць” наконт недахопу ў краіне медыцынскіх работнікаў. “Людзей хапае”, — лічыць ён.

“Трэба выбудаваць сістэму так, каб тыя людзі, якія ёсць, маглі працаваць і зарабляць, і абслугоўваць насельніцтва. Гэта больш чым на 200% тычыцца Міністэрства аховы здароўя. Медыкі як прэзідэнт: колькі трэба, столькі і працуюць”, — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама загадаў зрабіць так, каб “тыя, хто жыве далей ад Мінска, маглі таксама атрымаць тут дапамогу”, бо “тут больш прасунутыя тэхналогіі”.

У накіраваным у красавіку 2025 года ў ААН дакладзе кааліцыі няўрадавых арганізацый аб выкананні краінай абавязацельстваў па правах чалавека ў рамках чацвёртага цыклу Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) гаварылася, што з-за рэпрэсіўных дзеянняў уладаў забеспячэнне медыцынскай дапамогай у Беларусі пастаянна пагаршаецца.

Адзначалася, што ў краіне зафіксавана мноства выпадкаў прыпынення дзейнасці прыватных медыцынскіх цэнтраў.

Падтрымка ўладамі вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны яшчэ больш пагоршыла недахоп жыццёва неабходных медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, нягледзячы на рост патрэбы ў іх.

Аўтары дакумента канстатавалі, што недахоп медыцынскага персаналу працягвае абвастрацца, гэтаму спрыяюць масавы ад’езд лекараў з краіны з-за непрымальных умоў працы, недастатковай аплаты і палітычных рэпрэсій.

У Рэспубліканскім банку вакансій на 5 чэрвеня фігуруе 2.330 вакансій па запыце “урач-спецыяліст“ і 1.853 на запыт “медыцынская сястра“.

Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаванняў. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных медыкаў, хоць сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.

8 кастрычніка 2025 года намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што 30 чалавек вярнулася ў Беларусь праз “камісію па вяртанні“ з моманту яе заснавання ў пачатку 2023 года. У камісію паступіла 323 звароты, 70 з іх былі “разгледжаныя па сутнасці“. Астатнія патрабавалі ўдакладненняў, бо ў некаторых заявах не хапала неабходных звестак і камісія прапаноўвала дапоўніць інфармацыю.

* Выкарыстаны відэафрагмент выступу Лукашэнкі, апублікаваны яго прэс-службай

Падзяліцца: