Мінск 02:24

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за травень 2026 года знізіліся на 228,6 млн долараў

Ілюстрацыя: pixabay.com

3 чэрвеня, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 чэрвеня 2026 года склалі 15 млрд 37,6 млн долараў у эквіваленце, сведчаць папярэднія звесткі Нацыянальнага банка.

На пачатак мінулага месяца золатавалютныя рэзервы былі на ўзроўні 15 млрд 266,2 млн долараў. Такім чынам, за травень яны знізіліся на 1,5% (-228,6 млн).

На 1 студзеня ЗВР складалі 14 млрд 423 млн долараў. Рост з пачатку 2026 года — 614,6 млн (+4,26%).

Манетарнае золата ў структуры золатавалютных рэзерваў на 1 чэрвеня склала 7 млрд 879,2 млн даляраў (-107,8 млн за месяц; -1,35%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 409,2 млн (-7 млн; -0,49%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 749,1 млн (-113,7 млн; -1,94%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

На нарадзе ў сярэдзіне кастрычніка 2025 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку Нацбанка Раману Галоўчанку “патрошку пускаць у абарот“ ЗВР і “дзейнічаць па-гаспадарску“.

“Тое, што валюты больш з’яўляецца, гэта добра. Але валюта павінна працаваць. І трэба мець запас столькі, колькі нам трэба”, — заявіў ён.

Падзяліцца: