Мінск 16:01

Зяленскі заявіў пра “прэвентыўныя крокі” ў дачыненні да Беларусі

Уладзімір Зяленскі
Архіўны відэазапіс: suspilne.ua / стоп-кадр: "Позірк"

20 траўня, Позірк. На пасяджэнні вайсковай стаўкі, якое адбылося 20 траўня, падрабязна абмеркавана, “што цяпер адбываецца на кірунку Беларусь — Бранская вобласць“, паведаміў у звароце да суграмадзян пасля мерапрыемства прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго сцвярджэння, “менавіта адтуль расіяне разглядаюць сцэнары дадатковых нападаў на Украіну — супраць паўночных рэгіёнаў, нашага чарнігаўска-кіеўскага кірунку”.

“Вядома, мы ўжо працуем над узмацненнем нашай абароны на гэтым кірунку. Ёсць адпаведныя даручэнні для вайсковага камандавання, але асобна мы таксама робім прэвентыўныя крокі як у дачыненні да Беларусі, так і ў дачыненні да асобных частак Расіі, адкуль зыходзіць пагроза“, — сказаў Зяленскі.

Ён разлічвае, што МЗС Украіны “будзе максімальна актыўным у дыпламатычнай працы ў дачыненні да Беларусі”. “Трэба ўзмацніць ціск і ўзмацніць каардынацыю з нашымі партнёрамі. Шчыра кажучы, ужо надакучыла, што ўвесь час існуе такая пагроза для Украіны — што расіяне ў нейкі момант могуць уцягнуць Беларусь у пашырэнне вайны. Там павінны разумець: наступствы для іх будуць, і будуць значнымі“, — заявіў украінскі прэзідэнт.

Паводле яго слоў, “дадатковыя задачы“ па гэтай пагрозе пастаўленыя выведцы — “пакуль непублічныя”.

Раней паведамлялася, што на пасяджэнні стаўкі прэзідэнт Украіны даручыў МЗС “падрыхтаваць дадатковыя мерапрыемствы ў дыпламатычным уплыве ў дачыненні да Беларусі“, якую Крэмль “можа выкарыстоўваць для пашырэння вайны“.

“Маюцца адпаведныя непублічныя задачы для ўкраінскіх выведвальных службаў”, — гаварылася ў рэлізе прэс-службы Зяленскага.

“Магчымая аперацыя” расійскіх войскаў па наступу з тэрыторыі Беларусі рэальная, заявіў галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі ў інтэрв’ю ютуб-каналу “Мілітарни“, якое было размешчанае 19 траўня.

“У нас ёсць звесткі, што расійскі Генштаб цяпер актыўна пралічвае і плануе аперацыі наступальных дзеянняў з поўначы“, — сказаў Сырскі.

15 траўня прэзідэнт Зяленскі пасля нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны паведаміў, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных аперацый“, стала вядома аб планах аперацый “па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць чарнігаўска-кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО“.

“Украіна валодае дэталямі размовы паміж Расіяй і Беларуссю. Украіна, безумоўна, будзе абараняць сябе і сваіх людзей, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер. Даручыў нашым сілам абароны і бяспекі Украіны ўзмацніць адпаведны кірунак і прадставіць план нашага рэагавання“, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Міністэрства абароны Беларусі 18 траўня паведаміла пра пачатак трэніроўкі вайсковых частак баявога ўжываньня ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. Было заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах павышэння гатоўнасці Узброеных сіл да ўжывання сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў“. 19 траўня Мінабароны РФ абвясціла пра пачатак трохдзённых вучэнняў, у рамках якіх сярод іншага будуць адпрацоўвацца “пытанні сумеснай падрыхтоўкі і прымянення ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь“.

20 траўня беларускае абароннае ведамства паведаміла, што “ў рамках трэніроўкі вайсковых частак баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння адно з беларускіх ракетных падраздзяленняў заняло прызначаны раён”.

“Асабісты склад выканаў мерапрыемствы яго аховы, абароны і ўсебаковага забеспячэння. Адначасова баявыя разлікі правялі комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да атрымання спецыяльных боепрыпасаў для аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр-М“ і рыштунку імі ракет-носьбітаў.У наступным, пасля загрузкі ракет-носьбітаў на пускавыя ўстаноўкі і транспартна-зараджальныя машыны ўтойліва высунуліся ў новы раён. З яго заняткам ракетнае падраздзяленне ажыццявіла імітацыю ракетных пускаў па прызначаных цэлях”, — адзначыла ведамства.

Паведамляецца, што “ў рамках трэніроўкі задзейнічалася авіяцыя, якая здзейсніла шэраг вучэбна-баявых вылетаў. Пасля падрыхтоўкі самалётаў-носьбітаў, аснашчэння іх авіяцыйнымі сродкамі паражэння, экіпажы ажыццявілі ўзлёт і занялі прызначаныя зоны дзяжурства ў паветры. Атрымаўшы адпаведную каманду, правялі імітацыю бамбакідання спецыяльнымі боепрыпасамі па ўмоўным праціўніку і вярнуліся на аэрадром базавання“.

Пры гэтым “расійскім бокам у рамках вучэнняў ядзерных сіл адпрацаваныя практычныя мерапрыемствы прывядзення злучэнняў і вайсковых частак прымянення ядзернай зброі ў найвышэйшыя ступені баявой гатоўнасці“.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: