Мінск 12:39

Беларусь не павінна быць турмой для свайго народа — Ціханоўская

Фота: "Позірк"

21 траўня, Позірк. У Беларусі не павінна быць ніводнага палітвязня, Беларусь не павінна быць турмой для свайго народу, заявіла Святлана Ціханоўская ў відэазвароце да Дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі (21 траўня).

Ціханоўская нагадала, што пяць гадоў таму здарылася першая смерць палітвязня — у шклоўскай калоніі загінуў Вітольд Ашурак, яго смерць “стала жахлівым вынікам таго, што робіць рэжым з людзьмі за кратамі”. 

“Яго смерць — рана, якая не загойваецца. І гэты дзень цяпер — дзень салідарнасці з усімі, хто сёння ў няволі”, — адзначыла дэмлідар.

Больш за 800 чалавек прызнаныя палітвязнямі сёння ў Беларусі, “але ж сапраўдная лічба яшчэ большая”, падкрэсліла Ціханоўская, дадаўшы, што “ёсць людзі, пра якіх мы не ведаем, ёсць сем’і, якія баяцца гаварыць, ёсць [крымінальныя] справы, якія не трапляюць у навіны”.

“Больш за год таму дзякуючы амерыканскай дыпламатыі, дзякуючы міжнароднаму ціску і дзякуючы нашай супольнай працы людзі пачалі выходзіць на волю, і мы шчыра радуемся за кожнага і кожную”, — адзначыла дэмлідар.

Паводле слоў Ціханоўскай, гэта адбылося таксама таму, што “мы не маўчалі”, што ўсе гэтыя гады “працавалі з міжнароднай супольнасцю, расказвалі свету пра тых, каго рэжым хацеў ад свету схаваць”. 

“Мы называлі імёны, збіралі дапамогу, пісалі лісты. Праваабаронцы, сем’і палітвязняў, журналісты, дыпламаты, валанцёры і кожны неабыякавы чалавек — усе мы зрабілі сваю частку працы”, — падкрэсліла дэмлідар.

За гэтыя гады, адзначыла палітык, “мы амаль прызвычаіліся: сотні імёнаў у спісе палітзняволеных штодзённыя затрыманні, звесткі пра катаванні — усё гэта стала нібыта новай нормай”. 

“Але гэта не норма. Гэта не мусіць быць нормай”, — упэўненая дэмлідар.

Ціханоўская заявіла, што барацьба за вызваленне ўсіх пацярпелых ад рэпрэсій працягнецца. 

50-гадовы палітвязень Вітольд Ашурак, які памёр 21 траўня 2021 года пры нявысветленых абставінах у шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць), мусіў выйсці на волю 9 чэрвеня 2025-га.

Упершыню Ашурка затрымалі 9 жніўня 2020 года і арыштавалі на 20 сутак: за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на карысць Аляксандра Лукашэнкі — на 15, за “непавагу да суда” — на 5 (не падняўся, калі ў залу пасяджэння зайшоў суддзя).

19 верасня таго ж года Ашурка зноў арыштавалі ў адміністрацыйным парадку, а праз месяц яму выставілі крымінальнае абвінавачанне.

18 студзеня 2021 года суддзя Максім Філатаў з суда Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) прыгаварыў Ашурка да 5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Расследаванне смерці палітвязня было замарожанае і дэ-факта не вядзецца.

У гадавіну смерці Вітольда Ашурка 21 траўня дэмакратычная грамадскасць з ініцыятывы праваабаронцаў праводзіць Міжнародны дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

На 21 траўня беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 841 чалавека.

Падзяліцца: