Мінск 15:38

Лукашэнка распарадзіўся стварыць дзяржкамісію па падрыхтоўцы падручнікаў гуманітарна-грамадазнаўчай тэматыкі

13 траўня, Позірк. Распараджэнне “Аб падрыхтоўцы падручнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы” падпісаў 13 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Дакументам прадугледжваецца “стварэнне дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў і навучальных дапаможнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы і вызначэнне асноўных напрамкаў яе працы”, гаворыцца ў паведамленні.

Камісію ўзначаліць міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У яе склад, як заяўляецца, уключаныя “аўтарытэтныя навукоўцы, выкладчыкі, настаўнікі-практыкі ў галіне гуманітарных і грамадазнаўчых дысцыплін, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў”.

За Міністэрствам адукацыі замацоўваюцца задачы па “арганізацыйна-метадычным забеспячэнні дзейнасці камісіі і ўдасканаленні зместу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на бягучую пяцігодку”.

Распараджэнне накіраванае на “забеспячэнне паступальнага абнаўлення падручнікаў і навучальных дапаможнікаў на аснове адзіных канцэптуальных падыходаў да такой літаратуры на ўсіх узроўнях адукацыі ў адпаведнасці з дзяржаўнымі інтарэсамі”, падкрэслівае прэс-служба Лукашэнкі.

Улады ўзмацнілі ідэалагізацыю адукацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, верагодна, ацаніўшы масавасць маладых нелаяльных грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах.

Асаблівы акцэнт у ідэалагізацыі дзяцей у Беларусі робіцца на “ваенна-патрыятычным выхаванні”. У рамках такога выхавання ў краіне ствараюцца ваенна-патрыятычныя клубы, у якіх школьнікі вучацца ваеннай справе, ім прышчапляецца лаяльнасць да дзеючай улады.

Мілітарызацыя дзяцей “будуецца на страху Аляксандра Лукашэнкі перад новым пакаленнем, якое можа кінуць яму выклік“, гэта не выпадковасць, а “стратэгія выжывання рэжыму“, гаворыцца ў дакладзе “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі“.

Дакумент, падрыхтаваны аб’яднаннем BelPol і Народным антыкрызісным упраўленнем (НАУ), быў прадстаўлены 23 кастрычніка 2025 года ў Варшаве.

Як паведамляў “Позірк”, каля 2 тыс. “кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні“ задзейнічана ў сістэме сярэдняй адукацыі Беларусі, вынікае з інфармацыі, размешчанай у метадычках для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп да чарговага “адзінага дня інфармавання“.

У чэрвені 2024 года міністр адукацыі Іванец заяўляў, што праца па “патрыятычным, грамадзянскім выхаванні” ў Беларусі “сёння пачынаецца ў дзіцячым садзе”.

Мінадукацыі анансавала правядзенне ва ўсіх школах краіны "агляд-конкурсу шыхту і патрыятычнай песні"

30 красавіка, Позірк. Правядзенне з 1 траўня "рэспубліканскага агляд-конкурсу шыхту і патрыятычнай песні" анансавала Міністэрства адукацыі. Мерапрыемства, паводле сцвярджэння ведамства, аб'яднае "навучэнцаў на школьным, раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях і завершыцца вялікім выніковым мерапрыемствам у Мінску". Заяўляецца, што конкурс стане …
Падзяліцца: