Мінск 21:58

39-гадовы беларус затрыманы пасля вяртання на радзіму — распачатая справа за абразу міліцыі

Архіўнае відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

11 траўня, Позірк. 39-гадовы ўраджэнец Брэсцкай вобласці затрыманы пасля вяртання ў Беларусь — за “каментарыі абразлівага зместу на адрас міліцыянтаў”, апублікаваныя “ў адным з тэлеграм-каналаў экстрэмісцкай скіраванасці”, паведаміла 11 траўня прэс-служба УУС Мінаблвыканкама.

Намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Мінскай вобласці Сяргей Раманоўскі, чые калегі затрымалі мужчыну, заявіў, што каментарыі той публікаваў, знаходзячыся за мяжой.

“Высветлена, што ў сярэдзіне 2025 года фігурант выехаў за мяжу на заробкі, — паведаміў міліцэйскі начальнік. — У Рэспубліку Беларусь вярнуўся ў гэтым годзе, каб аднавіць страчаныя дакументы. Менавіта тады ён і быў затрыманы праваахоўнікамі”.

“Цяпер праводзяцца мерапрыемствы па высвятленні іншых фактаў пратэстнай дзейнасці затрыманага, следчымі ўзбуджаная крымінальная справа за публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў”, — сказаў Раманоўскі.

Падзяліцца: