Мінск 18:03

Беларусі варта адзначаць 8 траўня як дзень памяці і прымірэння — Баркоўскі

Мерапрыемства да Дня Перамогі ў Мінску 8 траўня
Фота: "Минск-новости"

8 траўня, Позірк. Для Беларусі важна адвязацца ад уплыву Масквы і адзначаць заканчэнне Другой cусветнай вайны “разам з Еўропай — 8 траўня як дзень памяці і прымірэння, дзень успамінаў і жалобы”, заявіў прадстаўнік па нацыяльным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Баркоўскі у тэлеграм-канале прадстаўніцтва.

“Бо беларусы, як ніякі іншы народ, апроч яўрэяў, адчулі жахі тых падзей. Гэта замацавалася ў народнай памяці выразам: “Абы не было вайны!”. Сёння такое святкаванне будзе знакам салідарнасці з мужным народам Украіны, які змагаецца з расійскім фашызмам сучаснасці, і нашай заяўкай быць еўрапейцамі, а не спадкаемцамі савецкай імперыі”, — падкрэсліў Баркоўскі.

У Беларусі памяць пра спадчыну вайны “была засвоеная ідэалогіяй і прапагандай”, дадаў ён: “Перамогу над нацызмам пачалі паказваць як выключны подзвіг савецкага народа. Сёння гэта вядзе да скажэння памяці, калі замест агульнаеўрапейскага “Ніколі зноў!” гучаць слоганы “На Берлін!” і “Можам паўтарыць!”. Так памяць аб страшнай вайне ператвараецца ў прапагандысцкі заклік да новых войнаў, дзе пераможцы і пераможаныя мяняюцца месцамі”.

8 траўня ў большасці еўрапейскіх краін адзначаюць заканчэнне Другой сусветнай вайны ў Еўропе — дзень капітуляцыі нацысцкай Германіі. Назва і акцэнты ў розных краінах адрозніваюцца: Дзень Перамогі ў Еўропе, Дзень вызвалення (у некаторых краінах Цэнтральнай Еўропы), Дзень памяці і прымірэння.

У Беларусі па савецкай традыцыі Дзень Перамогі адзначаецца 9 траўня.

У апошнія гады ўзмоцнены ідэалагічны складнік святкавання. Трактоўкі падзей вайны, адрозныя ад тых, што прасоўваюцца ўладамі, могуць пацягнуць крымінальны пераслед, у тым ліку паводле арт. 1302 КК (адмаўленне генацыду беларускага народа; уведзеная ў 2022 годзе).

8 траўня Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Маскву для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды 81-й гадавіны перамогі.

Падзяліцца: