Мінск 13:23

Еўрапейскія дыпламаты ўшанавалі ў Мінску памяць ахвяр Другой сусветнай вайны

Фота: фэйсбук-старонка амбасады Германіі ў Мінску

8 траўня, Позірк. Прадстаўнікі еўрапейскіх амбасадаў 8 траўня сабраліся ля мемарыяла “Памяць” на праспекце Дзяржынскага ў Мінску, каб ушанаваць памяць ахвяр Другой сусветнай вайны.

Як адзначаецца на старонцы ў “Фэйсбуку“ амбасады ФРГ у Мінску, “людзі, якія пражывалі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, асабліва моцна пацярпелі падчас германскай вайны на знішчэнне і ў перыяд германскай акупацыі“.

“У ноч на 9 траўня быў падпісаны акт аб безумоўнай капітуляцыі вермахта, які паклаў канец Другой сусветнай вайне ў Еўропе. У той час як 8 траўня ў ГДР з 1950 па 1967 год адзначалася як “Дзень вызвалення” і з’яўлялася дзяржаўным святам, у ФРГ стаўленне да гэтай даты доўгі час было неадназначным. Шырокае прызнанне гэтая дата атрымала толькі пасля выступу тагачаснага федэральнага прэзідэнта Рыхарда фон Вайцзэкера ў 1985 годзе з нагоды 40-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны, калі ён назваў 8 траўня “Днём вызвалення ад чалавеканенавісніцкай сістэмы нацыянал-сацыялістычнай тыраніі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Амбасада звяртае ўвагу, што “гэтыя словы згадаў федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер у сваёй прамове ў бундэстагу 8 траўня 2025 года з нагоды 80-годдзя вызвалення ад нацыянал-сацыялізму і заканчэння Другой сусветнай вайны: “8 траўня як Дзень вызвалення стала ядром нашай агульнагерманскай ідэнтычнасці. Аднак сённяшняе 8 траўня мы не сустракаем са спакойнай упэўненасцю. Бо мы адчуваем: свабода не ёсць грандыёзны фінал гісторыі. Свабода не гарантаваная на ўсе часы. Таму сёння нам больш не даводзіцца задаваць сабе пытанне аб тым, ці стала 8 траўня для нас вызваленнем. Адказ на гэтае пытанне дадзены, і ён застаецца слушным. Аднак мы павінны задацца пытаннем, як нам застацца свабоднымі”.

8 траўня ў большасці еўрапейскіх краін адзначаюць заканчэнне Другой сусветнай вайны ў Еўропе — дзень капітуляцыі нацысцкай Германіі. Назва і акцэнты ў розных краінах адрозніваюцца: Дзень Перамогі ў Еўропе, Дзень вызвалення (у некаторых краінах Цэнтральнай Еўропы), Дзень памяці і прымірэння.

У Беларусі па савецкай традыцыі Дзень Перамогі адзначаецца 9 траўня. 8 траўня Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Маскву для ўдзелу ў мерапрыемствах з нагоды 81-й гадавіны перамогі.

Мемарыял “Памяць” на праспекце Дзяржынскага ў Мінску (д. 82, станцыя метро “Пятроўшчына”) — гэта брацкая магіла 35 савецкіх воінаў, якія загінулі 28 чэрвеня 1941 года ў баі з гітлераўцамі. Адкрыты ў сучасным выглядзе ў 2013 годзе, уключае скульптуру і мемарыяльныя пліты з імёнамі.

Падзяліцца: