Мінск 16:47

У Полацкім раёне школьны повар абвінавачваецца ў крадзяжы прадуктаў — справа накіраваная ў суд

Ілюстрацыйнае фота: Zsolt Bodnár / pexels.com

7 траўня, Позірк. Пракуратура Полацкага раёна (Віцебская вобласць) накіравала ў суд крымінальную справу повара, якая абвінавачваецца ў выкраданні прадуктаў са школьнай сталовай, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Жанчыне ставіцца ў віну ч. 1 арт. 211 КК (прысабечванне або марнаванне).

Паводле сцвярджэння боку абвінавачання, повар “сістэматычна здзяйсняла крадзяжы таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў” з верасня 2025 года па люты 2026-га. Заяўлена, што яна наўмысна парушала тэхналогію прыгатавання страў для навучэнцаў, не дакладваючы ў іх належныя паводле нарматываў прадукты. Лішкі, якія ўтвараліся ў выніку такіх дзеянняў, яна, як сцвярджаецца, напрыканцы працоўнага дня выносіла са сталовай і “выкарыстоўвала для асабістых патрэбаў”.

Дома ў абвінавачанай было знойдзена і вынята 84 пачкі масла, а таксама сыр, філе рыбы і мясны фарш.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, дзеянні, якія ставяцца ў віну абвінавачанай, нанеслі шкоду на суму каля 900 рублёў.

Жанчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

13 красавіка паведамлялася, што ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць) у дачыненні да 49-гадовай жанчыны — дырэктара школы распачатая крымінальная справа за “крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры”.

Генпракуратура заявіла, што з 24 жніўня 2022 года па 23 сакавіка 2025-га тая “давала незаконныя ўказанні падпарадкаваным супрацоўнікам пра ўнясенне ў табелі ўліку працоўнага часу загадзя ілжывых звестак пра выкананне работ па сумяшчальніцтве тэхнічным работнікам, сакратаром і сацыяльным педагогам”.

Насамрэч, як сцвярджалася, гэтыя асобы свае працоўныя абавязкі не выконвалі, а налічаны ім заробак перадавалі дырэктару школы, якая распараджалася грашыма “паводле свайго меркавання”.

У выніку была нанесеная шкода на суму 16,4 тыс. рублёў.

31 сакавіка паведамлялася, што ў Брэсце распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) за крадзеж прадуктаў са школьных сталовых.

Паводле даных Гепракуратуры, дзве службовыя асобы — загадчыкі вытворчасцяў у дзвюх школах — “уступілі ў змову” з кухоннымі работнікамі і паварамі, а таксама кіроўцамі, якія займаліся перавозкай прадуктаў.

Са студзеня па 24 сакавіка 2026 года загадчыкі вытворчасцяў, “злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, давалі незаконныя ўказанні падпарадкаваным работнікам аб парушэнні тэхналогіі прыгатавання ежы, памяншэнні нормаў гатовай прадукцыі, якія прызначаліся для харчавання школьнікаў у пяці ўстановах адукацыі”.

З прычыны гэтага ўтвараліся “няўлічаныя лішкі”, якія “не адбіваліся ў таварных справаздачах і выкрадаліся”.

Крадзеж быў здзейснены на суму не менш як 4,9 тыс. рублёў. Падазраваныя, як было заяўлена, выкрадалі мяса, сыр, масла, цукар, яйкі, бульбу, філе птушкі, тварог і кілбасныя вырабы.

Падзяліцца: